РНБА: Расея паспрабавала атакаваць «Шахедам» Мазырскі НПЗ
22- 5.10.2024, 8:18
- 39,054
Дрон праляцеў прыкладна 40 км па тэрыторыі Беларусі.
Раніцай 4 кастрычніка расейскі дрон-камікадзэ «Шахед» заляцеў у Беларусь і ўзарваўся недалёка ад Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода (НПЗ).
Пра гэта паведаміў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе Бяспекі Украіны Андрэй Каваленка.
Пра чарговы інцыдэнт з «Шахедам» раней паведамляў сайт Charter97.org.
Паводле ягоных звестак, прыкладна а 5-й раніцы пятніцы населены пункт Калінкавічы ўскалыхнуў наймацнейшы выбух.
Дрон спачатку заляцеў на тэрыторыю Украіны, пасля чаго перасек беларускую мяжу і праляцеў прыкладна 40 км да ліквідацыі.
«Учора ў 04:55 у Калінкавічах узарваўся дрон-камікадзэ тыпу «Шахед». Ці здэтанаваў ён самастойна, ці быў збіты сіламі СПА – невядома», – пішуць беларускія маніторынгавыя каналы.
Каваленка паведаміў, што мэтай УС РФ мог быць Мазырскі НПЗ – адзін з найбуйнейшых нафтавых заводаў Беларусі.
«Расейцы спрабуюць здзейсніць правакацыю каля Мазырскага НПЗ, каб абвінаваціць Украіну і патрабаваць дзеянняў ад Лукашэнкі», – напісаў Каваленка.