Беларускіх настаўнікаў прымушаюць паведамляць, чым яны занятыя на «фортках»
14- 4.10.2024, 11:36
- 5,818
У некаторых школах увялі спецыяльны журнал.
У рэдакцыю tochka.by звярнуліся настаўнікі адной са школ у Менскай вобласці. Там у канцы верасня ўвялі журнал "фортачак".
Фактычна гэты час лічыцца працоўным для педагогаў. Але яны дзівяцца: чаму ўзнікла неабходнасць строгай справаздачнасці? Ці павінны настаўнікі паведамляць, чым занятыя?
Журналістам перадалі дакумент са школы ў Слуцкім раёне.
Педагогаў абавязваюць адзначацца ў журнале перамяшчэнні, указаўшы прычыну адсутнасці: надомнае навучанне з вучнем, суправаджэнне навучэнцаў на экскурсію, наведванне сем'яў і гэтак далей.
Фактычна падчас "фортачак" настаўнікаў прымушаюць заставацца ў сценах школы, калі няма дадатковай нагрузкі за яе межамі.
Педработнікі ставяцца да такіх новаўвядзенняў, мякка кажучы, адмоўна.
“У мяне ёсць некалькі “фортачак” цягам тыдня. Часам я правяраю сшыткі, а бывае, нават паспяваю збегаць дадому паабедаць ці выйсці ў асабістых справах. З нашай вялікай нагрузкай, калі ўжо і здараецца такі вольны час, чаму я не магу правесці яго на сваё меркаванне, без строгіх абавязковых справаздач?” - задаецца пытаннем настаўнік.
Аб якіх-небудзь дысцыплінарных мерах за адмову ад запісу ў журнале перасоўванняў нічога не вядома. Ініцыятыва з'явілася нядаўна, пакуль практыка яшчэ не адпрацавана.