18 снежня 2024, Серада, 10:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента аб Беларусі: Лукашэнку чакае суд

10
Кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента аб Беларусі: Лукашэнку чакае суд
МАЛГАЖАТА ГАСЕЎСКАЯ

Нельга патураць злачынствам.

Кіраўніцай дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю стала еўрадэпутатка ад Польшчы Малгажата Гасеўска. Малгажата Гасеўска - былая віцэ-маршалка польскага Сэйма, экс-намесніца старшыні Камісіі ў замежных справах польскага парламента.

На нядаўніх дэбатах у Еўрапарламенце яна звярнулася па-беларуску да вязняў рэжыму Лукашэнкі.

«Дарагія беларускія сябры, мы памятаем пра вас. І заўсёды будзем змагацца за вашу свабоду», - сказала яна.

Карэспандэнт сайта Charter97.org пагаварыў з Малгажатай Гасеўскай аб адказнасці для рэжыму Лукашэнкі, санкцыях і выкліках на новай пасадзе.

- У сваім нядаўнім выступе ў Еўрапарламенце вы заявілі, што той факт, што беларускіх турмах памерла як мінімум шэсць палітвязняў, з'яўляецца тэрарыстычным актам супраць беларускага народа.

- Калі дыктатар саджае сваіх грамадзян у турмы пры такіх жорсткіх умовах, што яны з розных прычын страчваюць жыццё, гэта тэрарыстычны акт супраць народа. Гэта злачынства, за якім павінна адбыцца прыцягненне да адказнасці. Гэта злачынства, на якое неабходна адрэагаваць, а ў выніку пакараць. Веру, што такі момант аднойчы надыдзе, але ён таксама патрабуе ад нас (як ад еўрапейскіх палітыкаў, так і ад беларускай грамадзянскай супольнасці) распачаць смелыя дзеянні і ні на крок не саступаць гэтаму рэжыму. Нельга патураць злачынствам.

На маю думку, Пуцін - галоўны ў свеце тэрарыст, і менавіта так яго варта ахарактарызаваць. Лукашэнка з'яўляецца ягоным галоўным памочнікам, але таксама і выканаўцам у Беларусі.

- На вашую думку, Лукашэнка - тэрарыст?

- Так, ён тэрарыст. І яму трэба чакаць справядлівага працэсу ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. Ведаю, што дзеянні ў гэтых кірунку ўжо зробленыя. Думаю, мы таксама зробім важны ўнёсак у гэтую справу.

- У беларускіх апазіцыйных колах існуе меркаванне, што можна было дамагчыся вызвалення палітвязняў, узмацняючы санкцыйны ціск на рэжым з боку ЕЗ. Як вы на гэта гледзіце?

- Гаворачы аб санкцыях, неабходна думаць аб тым, каб яны не ўдарылі наўпрост па людзях - гэта самае галоўнае. Неабходна думаць, як санкцыі павінны ўдарыць па рэжыме, па тых, хто гэты рэжым падтрымлівае, хто нясе адказнасць за гэтыя злачынныя дзеянні, а не па прадстаўніках грамадства, каб не закрыць доступ да еўрапейскіх праектаў, магчымасці перамяшчэння, магчымасці вучыцца ў еўрапейскіх краінах і вывучаць ўзоры для пераймання, атрымліваць сілу і натхненне. Да санкцый трэба падыходзіць разумна.

На рэжым Лукашэнкі неабходна ўплываць у больш шырокім фармаце, напрыклад — праз Кітай, які мае канкрэтныя інтарэсы. Падобныя перамовы вёў прэзідэнт Анджэй Дуда, і гэта добры кірунак, каб навязаць Лукашэнку пэўныя рэчы, змагаючыся за жыцці зняволеных.

На жаль, магчымасць вызваліць Анджэя Пачобута была ўпушчаная. Падчас абмену зняволенымі паміж Захадам і Расеяй патрабаванне майго ўрада - Кааліцыі аб'яднаных правых, заяўленае міністрам унутраных спраў Марыюшам Каміньскім, каб Анджэй Пачобут быў уключаны ў гэты абмен, не было прынятае да ўвагі.

У нас у запасе быў вельмі важны расейскі шпіён, і яго перадалі для гэтага абмену. Нашай умовай было ўлічыць нашыя патрабаванні, уключаючы і Анджэя Пачобута. На жаль, новыя ўлады ў Польшчы не палічылі дастаткова важным захаванне гэтай умовы. І гэта сумна, бо, мяркую, Анджэй Пачобут і, магчыма, яшчэ некалькі чалавек, ужо маглі б быць на волі.

- У чым вы бачыце найбольш важныя выклікі ў сваёй новай ролі кіраўніка дэлегацыі ў сувязях з Беларуссю?

— Я стаўлюся да сваёй працы сур'ёзна. Я змагаюся за пазіцыі не для таго, каб заняць крэсла, а каб рэальна выконваць свае функцыі. І таксама я стаўлюся да гэтай функцыі кіраўніка дэлегацыі ў сувязях з Беларуссю, пра гэта я заявіла на нашай першай сустрэчы. Мы ўжо рыхтуем прапанову аб плане дзеянняў, рыхтуемся да беларускага тыдня ў Еўрапарламенце, які пройдзе ў снежні. Калі планы будуць канкрэтызаваны, думаю, надыдзе час аб гэтым пагаварыць.

Хацела б заявіць, што дэлегацыя ў сувязях з Беларуссю і мая роля старшыні закліканы служыць грамадзянскай супольнасці Беларусі і справе, за якія вы змагаецеся. Я стаўлюся да сваёй місіі так: гэта служэнне. Я разлічваю на шчыльнае супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю на карысць людзей, якія змагаюцца і ахвяруюць сваім жыццём на карысць справы.

- Што б вы хацелі сказаць сваякам беларускіх палітвязняў?

- Што мы з імі. Ніякія словы не аблегчаць іх боль, але я спадзяюся, што той факт, што яны не самотныя, дасць ім пэўную надзею на тое, што надыдзе час, калі гэты жах, які яны перажываюць, скончыцца. Хоць мы ніколі не зможам цалкам зразумець іх пакуты, бо гэта можа зразумець толькі той, хто фізічна адчувае тое ж самае. Я хацела б, каб яны ўсведамлялі і былі ўпэўненыя, што яны не самотныя. Мы з імі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках