«Сказаць, што я быў у шоку, - нічога не сказаць»
2- 31.10.2024, 12:23
- 4,312
Беларус распавёў аб «нулявым выніку» беларускіх чыноўнікаў.
«Наша мэта - нулявы вынік», - пад такім загалоўкам у лоеўскай раённай газеце выйшаў матэрыял аб ацэнцы працы чыноўнікаў.
«У сувязі з гэтым я ўзгадаў адзін выпадак, які адбыўся дзесяць гадоў таму ў адным з раённых цэнтраў усходняй Беларусі», - піша чытач сайта Charter97.org з Менска Міхась.
- Я займаюся праектамі ў сферы газу, электраэнэргіі і водазабеспячэння, таму часта здзяйсняю службовыя паездкі. Аднойчы мне давялося пабываць і ў Лоеве. Стаміўшыся ад дарогі, я наважыў не вяртацца ў Менск уначы, а спыніцца ў мясцовым гатэлі, аб чым тады вельмі пашкадаваў. А зараз расказваю гэтую гісторыю сябрам як анекдот аб турызме ў Беларусі.
Дык вось...Заходжу я ў гатэль і адчуваю, што ён прасякнуты атмасферай савецкіх часоў 70-80-х гадоў, хаця на двары ўжо зусім іншая эпоха. На рэцэпцыі мяне радасна сустракае дзяўчына, распавядаючы аб нумарах і іх коштах. Я гляджу на маркотны выгляд гатэля і, каб не рызыкаваць сваім камфортам, выбіраю нумар «люкс».
Падняўшыся ў свае апартаменты, першае, што хочацца зрабіць пасля паездкі на будоўлю, - гэта прыняць душ. Уключаю ваду, але на маё здзіўленне цячэ толькі халодная. Апрануўшы на сябе мокрыя шорты і футболку, спускаюся на рэцэпцыю. Тлумачу, што ў мяне няма гарачай вады. Дзяўчына глядзіць на мяне і кажа: «А яе і не будзе, бо ў гатэля няма цэнтральнага ацяплення вады, дакладней, ніякага ацяплення».
Сказаць, што я быў у шоку, - нічога не сказаць. Я нават не падумаў спытаць аб гарачай вадзе, бо звычайна ўдакладняеш наяўнасць кавамашыны, кандыцыянера, лядоўні і Wi-Fi. Пытацца пра гарачую ваду неяк няёмка - могуць падумаць, што ты не ў сабе. Як у эпоху Starlink у гатэлі ў цэнтры горада можа не быць гарачай вады? Звычайна вада ёсць нават у кожным кемпінгу, куды людзі прыязджаюць адпачываць на прыродзе з камфортам.
Вярнуўшыся ў нумар, я нагрэў ваду і, паліваючы сябе з кубка, памыў галаву.
Так што ў раённым выданні хаця праўду сказалі. Праходзяць стагоддзі, праходзяць гады, а вынік іх працы - адсутнасць вады, - распавёў чытач сайта Charter97.org.