Наталля Радзіна: Лукашэнка - старая трухлявая калода
7- 31.10.2024, 8:08
- 7,576
Дыктатар не мае пяці гадоў.
У эфіры «Радыё Рацыя» галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна выказала меркаванне, што будучыя «выбары» - апошнія для Лукашэнкі. Прыводзім стэнаграму размовы:
- Прэзідэнцкія «выбары» адбудуцца раней, чым усе думалі. Ужо праз тры месяцы - 26 студзеня. Чаму так моцна спяшаецца Лукашэнка?
- Лукашэнка вельмі спяшаецца, разумеючы, што пазней у яго можа і не быць шанцаў удзельнічаць у гэтых прэзідэнцкіх «выбарах». Па-першае, мы бачым, што стан здароўя дыктатара - крытычны.
З’явілася інфармацыя, што праз цукроы дыябет яму нават ампутавалі пальцы на назе. Мы бачым, як ён кульгае на кожнай сустрэчы. І пакуль ён яшчэ стаіць на нагах, відавочна, што ён хацеў бы паўдзельнічаць у выбарах. Ён сябе не ўяўляе без улады. Але назваць гэта «выбарамі» немагчыма. Вядома, гэта проста фарс.
Размову можна праслухаць у аўдыёфармаце
- Чуткі пра дрэннае здароўе Лукашэнкі ходзяць ужо год-два-тры...
- Пагаджуся, яны ходзяць не год-два-тры, а ўжо шмат гадоў. Але зараз яму ўжо 70, і мы бачым, што насамрэч Лукашэнка не ў стане нават прайсці некалькі метраў на парадзе ў Маскве, як гэта было сёлета 9 траўня. Ужо ўсім відавочна, што стан здароўя ў дыктатара вельмі кепскі.
- Эканоміка таксама не рухаецца да лепшага, а да горшага з кожным месяцам.
- Згодная з вамі, сітуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая. І не толькі палітычная, але і эканамічная. Лукашэнка, па-першае, разумее, што сёння яго не падтрымлівае большасць насельніцтва. На выбарах 2020 года ён саступіў, і ад тых масавых рэпрэсій, якія абрынуліся на грамадства, любові да дыктатара не з'явілася.
Мы ведаем, што людзі, вядома, не могуць зараз адкрыта казаць пра сваю паіцыю, але яны ненавідзяць гэтую ўладу.
А эканамічная сітуацыя толькі пагаршаецца. Расея сёння не можа ў тых самых аб'ёмах фінансаваць беларускую дыктатуру. Бо сама вядзе вайну супраць Украіны, а таксама падтрымлівае тэрарыстычныя рэжымы па ўсім свеце. Цяпер ужо сама Расея стаіць на мяжы эканамічнага крызісу. Грошы ў Беларусь з Расеі ўжо не ідуць у ранейшым аб'ёме.
- Што рабіць беларусам 26 студзеня? Зянон Пазняк прапануе байкатаваць. Офіс Ціханоўскай заклікае галасаваць супраць усіх.
- Я мяркую, што гэтыя «выбары» трэба ігнараваць. Ні ў якім разе не ісці 26 студзеня на выбарчыя ўчасткі. Зразумела, што беларусаў будуць заганяць гвалтам. Будзе выкарыстаны адмінрэсурс, дзяржслужбоўцы будуць вымушаныя пайсці. Будзе і вялікі адсотак тых, хто прагаласуе датэрмінова - 35-40%. Так адбываецца на кожных сфальсіфікаваных Лукашэнкам «выбарах».
Але ў дзень выбараў уладам вельмі цяжка загнаць людзей на выбарчыя ўчасткі. Таму тыя, хто не залежыць ад дзяржавы, не з'яўляюцца дзяржслужбоўцам, могуць не ісці, а тыя, хто залежыць - «захварэць» або ўзяць лісток непрацаздальнасці.
Трэба 26 студзеня паказаць пустыя ўчасткі. Гэта будзе вельмі красамоўна казаць пра тое, што беларусы не згодныя з дыктатурай.
Тое, што прапануе офіс Ціханоўскай, уважаю за працу на ўладу. Ні ў якім разе нельга ісці і галасаваць супраць усіх. Бо гэта забяспечыць прыход. Прапаганда будзе паказваць поўныя людзей участкі і казаць, маўляў, «усе гэтыя людзі прыйшлі, каб прагаласаваць за Лукашэнку».
Так, яны намалююць вынік, але калі ўчасткі будуць пустыя, гэта пакажа беларускі пратэст. Пакажа, што беларусы не за дыктатуру. Гэта можна і трэба зрабіць 26 студзеня.
— Назіраючы за тым, што адбываецца ў Беларусі, магу ўявіць, што напярэдадні гэтага спектакля можа стацца, што няўдзел у «выбарах» — гэта экстрэмізм, тэрарызм, здрада.
- Калі будуць такія ўмовы, то можна будзе распрацаваць іншую стратэгію, але на сёння, мне здаецца, што самы добры варыянт - ігнараваць гэты фарс.
- І чакаць? Чаго?
- Я ўпэўненая, што гэта апошнія «выбары» Лукашэнкі. Гэта ягоны апошні спектакль. Паверце, у Лукашэнкі проста няма пяці гадоў, каб дачакацца наступных выбараў. Сітуацыя вельмі складаная, і яна звязаная з вайной ва Украіне. Відавочна, што цягам гэтых гадоў нас чакаюць вялікія перамены.
Расея не можа бясконца весці гэтую вайну, у яе заканчваюцца рэсурсы. Сканчаюцца яны і ў рэжыму Лукашэнкі. Заходнія санкцыі, уведзеныя пасля 2020 года, працуюць, рэжым нясе вялікія страты праз забарону экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаенняў. Усё гэта моцна б'е па рэжыме.
Ізаляцыя заганяе Беларусь ва ўсё большыя страты. Я бачу па настроях не толькі простых людзей, якія ненавідзяць уладу, але і наменклатуры, што яны незадаволеныя, разумеючы, што існая сітуацыя ў Беларусі - абсалютны тупік, і з яго трэба выходзіць.
Улада Лукашэнкі сёння пагражае Беларусі стратай незалежнасці. Дыктатар настолькі залежны ад Масквы, што наступным крокам з боку Крамля можна можа быць правядзенне нейкага «рэферэндуму» аб далучэнні Беларусі да РФ.
Гэтага не жадае не толькі беларускі народ, але і наменклатура. Яна разумее, што згубіць у гэтым выпадку ўсё. Я ведаю, што яны ў разгубленым стане, думаюць пра тое, што нешта трэба мяняць. А дыктатар - не вечны, гэта старая трухлявая калода. Яны задумваюцца: а што пасля яго?
- Мы часта чуем, што Расея распадзецца і толькі тады будзе новая Беларусь. Але ці не занадта мы верым у развал Расеі? Узнікае пытанне, а каму ж гэта патрэбна?
Мы бачым, як выглядае падтрымка Украіны ў вайне з Расеяй. Здаецца яна ёсць, але такая, каб, не дай Бог, не перамагла Украіна, бо пройгрыш Расеі можа быць пачаткам яе канца. А каму гэта патрэбна? Каму ядзерную зброю? А ўсе гэтыя радовішчы нафты і газу? Хто гэтым скарыстаецца? Можа, Кітай?
- Магу сказаць, што на Захадзе ніхто не хацеў і распаду СССР. Так, была «халодная вайна», канкурэнцыя паміж ЗША і Савецкім Саюзам, але, падкрэслю, насамрэч развалу СССР у ЗША не хацелі.
Цяпер яны сапраўды таксама не ведаюць, што будзе. Але развал СССР здарыўся, і тое самае будзе з Расеяй. Я веру ў тое, што распад РФ немінучы. Расея, пачаўшы вайну супраць Украіны, адкрыла скрыню Пандоры.
- Але распаду СССР хацелі ўнутры саюза: краіны Балтыі, Украіна, Казахстан, думаю і Беларусь. Цяпер жа сітуацыя больш герметычная...
- Справа ў тым, што тады СССР не распаўся да канца. Цяпер, праз 30 гадоў, мы назіраем гэты працэс дараспаду Савецкага Саюза.
Тады Расейская імперыя захавала ўплыў на постсавецкай прасторы і многія нацыянальныя рэспублікі не змаглі выйсці з яе складу. Дыктатуры, якія ўзніклі ў Беларусі, Азербайджане, Арменіі, Казахстане, падтрымліваліся расейскімі грашыма.
Сёння ж грошы ў Расеі заканчваюцца, як я ўжо казала, занадта шмат іх ідзе на вайну. Цяпер Пуцін ваюе ўжо з усім светам.
Мы бачым, якая цяжкая сітуацыя ў яе эканоміцы, якая практычна пастаўленая на вайсковыя рэйкі. Яна не вытрымае, як не вытрымаў СССР нават вайны ў Афганістане. Так не вытрымае і сённяшняя Расея вайны супраць Украіны.
— Пад канец нашай размовы крыху гумару. Хоць, не ведаю, ці добры гэта жарт. А чаму б не прагаласаваць за спарынг-партнёраў Лукашэні. Збіраецца паўдзельнічаць у гэтым студзеньскім спектаклі Гайдукевіч. Дык давайце ўсе за Гайдукевіча, а там няхай яны паміж сабой разбіраюцца.
Лукашэнка дрэнна пераносіць пройгрышы. Зразумела, што ўладу ён не аддасць, можа Гайдукевіча пасадзіць. Але ці вытрымае яго сэрца і галава?
- Ні ў якім разе нельга гэтага рабіць. Гэта зноў будзе той самы прыход на «выбарах», які чакае Лукашэнка. Таму ён гэтых спойлераў і запускае. Не будзе ўжо сітуацыі 2020-га года, калі людзі таксама прагаласавалі за выпадковага чалавека - Святлану Ціханоўскую, якая ніколі не была ў апазіцыі і палітыцы.
Але тады апазіцыя рыхтавала пратэсты, і гэта было галоўнае. Ніхто не рыхтуе пратэсты пасля гэтых «выбараў», калі вы будзеце галасаваць за спойлераў, то будзеце працаваць на рэжым. Таму толькі ігнор гэтага фарсу.