У лякарні Абельскай некаторых пацыентаў абазначаюць «Чорнай пазнакай»
11- 30.10.2024, 17:03
- 23,280
Дзіўная інавацыя выкарыстоўваецца ў «Лечкамісіі».
Загадчыца інфекцыйна-эпідэміялагічнага аддзела лякарні кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Алена Качанка распавяла, што ў стацыянары некаторых пацыентаў пазначаюць «Чорнай пазнакай».
Аповед Качанкі аб гэтым ноў-хаў заўважыў тэлеграм-канал «Белыя халаты».
«Калегі з Нацыянальнага медыка-хірургічнага цэнтра ім. М. І. Пірагова пры ізаляцыі пацыента з мультырэзістэнтнай флорай на палату вешаюць таблічку «Не чапаць! Халат, шапачка, маска, пальчаткі».
Мы ж у сябе ў стацыянары прыдумалі назву «чорная пазнака». Такім чынам, санітарка дакладна разумее, што палату, у якой знаходзіцца пацыент з «чорнай пазнакай», трэба памыць у апошнюю чаргу; таксама і буфетчыца прыносіць туды ежу ў апошнюю чаргу, а хірург ведае, што перавязку трэба зрабіць апошняй справай у палаце», - распавяла Качанка на старонках «Медицинского вестника».
«Белыя халаты» адзначаюць, што заходзіць у такую палату ў апошнюю чаргу - адэкватная практыка, але наколькі такая «маркіроўка» адпавядае этычным нормам, не зусім зразумела. Звычайна ў такіх выпадках дастаткова стандартных папераджальных надпісаў, без выяў з чэрапам і косткамі.
У 2024 годзе Качанка апублікавала вучэбна-метадычны дапаможнік «Элементы інфекцыйнага кантролю ў шматпрофільным стацыянары». Рэдагавала дапаможнік Ірына Абельская — галоўная лекарка «Лечкамісіі» і маці Мікалая Лукашэнкі.