«Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў у гонар легендарнага беларускага хакеіста
7- 28.10.2024, 20:24
- 4,254
2 лістапада спаўняецца 50 гадоў з дня нараджэння Руслана Салея.
«Луч» прымеркаваў да 50-й гадавіны з дня нараджэння Руслана Салея арыгінальную акцыю.
2 лістапада 2024 года выхаванцу менскага «Юнацтва», экс-капітану нацыянальнай каманды і рэкардсмену сярод беларускіх гульцоў у колькасці праведзеных у наймацнейшай лізе свету НХЛ матчаў магло б споўніцца 50 гадоў. Ягонае жыццё трагічна абарвалася ў авіякатастрофе, дзе загінула ўся каманда яраслаўскага «Лакаматыва» 7 верасня 2011 года.
З нагоды юбілею з дня нараджэння вядомага хакейнага абаронцы «Луч» прапанаваў лімітаваную калекцыю гадзіннікаў.
«Гэты ўнікальны гадзіннік увасабляе трываласць, сілу і дакладнасць, якімі славіўся Руслан на лёдзе і за ягонымі межамі. Корпус з нержавейнай сталі ў двух варыянтах: срэбра і чорны, які сімвалізуе трываласць і ўпэўненасць. Лічбоўнік у форме лядовай арэны і 24-гадзінны фармат – ідэальнае спалучэнне стылю і функцыянальнасці. 4 стрэлкі ўвасабляюць непахіснасць і бездакорную дакладнасць», – гаворыцца ў рэлізе Менскага гадзіннікавага завода.