Існуе толькі 1 узор: Які самы рэдкі каштоўны камень у свеце
17- 27.10.2024, 18:21
- 20,240
У параўнанні з ім дыяменты выглядаюць звычайнымі.
Самым рэдкім у свеце каштоўным каменем з'яўляецца той, які складаецца з надзвычай рэдкага мінералу кіаўтуіт. Гэта чырванавата-аранжавы мінерал і на сёння існуе ўсяго адзін узор гэтага каштоўнага каменю, які захоўваецца ў Музеі натуральнай гісторыі акругі Лос-Анджэлес, ЗША. Кіаўтуіт упершыню знайшлі 9 гадоў таму ў М'янме, і ён прызнаны Міжнароднай мінералагічнай асацыяцыяй адным з 5000 вядомых мінералаў на Зямлі, піша IFLScience.
Пасля таго як узор мінералу кіаўтуіт быў здабыты ў 2015 годзе, ён прайшоў аграньванне і з яго стварылі каштоўны камень вагой 1,61 карата. Даследаванні паказалі, што мінерал утварыўся глыбока пад зямлёй у пародзе, вядомай як пегматыт, і што ён мае асіметрычную структуру з цвёрдасцю паводле шкалы Маоса 5,5.
Цвёрдасць і трываласць з'яўляюцца рознымі паняццямі, калі гаворка ідзе пра каштоўныя камяні. Цвёрдасць паказвае здольнасць каменю процідзейнічаць механічнаму ўздзеянню, а трываласць – здольнасць супраціўляцца разбурэнню. Мяркуецца, што алмазы, з якіх робяць каштоўныя камяні пад назвай дыяменты, з'яўляюцца самымі трывалымі і ўсё ж кіаўтуіт пераўзыходзіць іх трываласцю.
Мінералы, з якіх створаныя гэтыя каштоўныя камяні, з'яўляюцца вынікам бясконцай актыўнасці ў нетрах Зямлі. Разрывы і сутыкненні, награванне і астуджэнне ў кары нашай планеты ствараюць рэдкія каштоўныя камяні.
Навукоўцаў здзіўляе той факт, што да гэтага часу знойдзены ўсяго адзін узор мінералу кіаўтуіт, бо малаверагодна, што ўмовы, неабходныя для яго стварэння, маглі ўзнікнуць толькі ў адным месцы. І нават калі гэта так, то адзін узор мог бы, прынамсі, раскалоцца на некалькі частак.
Кіаўтуіт мае хімічную формулу Bi3+Sb5+O4. Гэта значыць, ён складаецца з вісмуту, сурмы і кіслароду. Хоць першыя металы і рэдкія, але не настолькі. Але кіаўтуіт з'яўляецца самым рэдкім мінералам у свеце.
У кары Зямлі вісмуту больш, чым золата, а сурмы больш, чым срэбра. У той самы час кісларод з'яўляецца самым распаўсюджаным хімічным элементам. Таму рэдкасць кіаўтуіту зводзіцца да таго, як ён утварыўся, а не да рэдкасці ягоных складнікаў.
На тэрыторыі М'янмы, дзе знайшлі кіаўтуіт, знайшлі шмат рэдкіх мінералаў, у тым ліку і другі ў рэдкасці мінерал у свеце – пейніт. Гэты рэдкі мінерал прадстаўлены ўсяго некалькімі ўзорамі, якія маюць насычаны рубінавы колер.
Джордж Росман з Каліфарнійскага тэхналагічнага інстытута ЗША мяркуе, што ёсць прычына, чаму кіаўтуіт і пейніт, былі знойдзеныя толькі ў М'янме. Паводле словаў навукоўца, калі 180 млн гадоў таму пачаў распадацца суперкантынент Гандвана, адбылося сутыкненне дзвюх ягоных частак, якія з'яўляюцца цяпер Індыяй і Паўднёвай Азіяй. У выніку ўзніклага ціску і цяпла былі створаныя горныя пароды, якія сталі крыніцай рэдкіх каштоўных камянёў.