Чаму Беларусь разам з Еўропай не перайшла на зімовы час?
36- 27.10.2024, 21:08
- 23,948
І калі давялося пераводзіць стрэлкі на 10 хвілін наперад.
У ноч з 26 на 27 кастрычніка ўся Еўропа перайшла на зімовы час. Гэта значыць, што там перавялі стрэлкі на гадзіну назад. Аднак Беларусь услед за пастановай Расеі ўжо амаль 10 гадоў, як адмовілася ад такой практыкі, піша «Телеграф».
Такім чынам, у Літве, Латвіі зараз дзейнічае гадзінны пояс UTC+2, у Польшчы — UTC+1. А ў Беларусі застаўся UTC+3.
Насамрэч, усталяванне гадзіннага пояса - працэдура не столькі навуковая, колькі адміністрацыйная або палітычная. Менавіта таму перавод стрэлак заўсёды выклікаў столькі спрэчак.
Афіцыйна, беларускія ўлады адмовіліся ад пераходу на зімовы час з 26 кастрычніка 2011 года, калі менскі час у Беларусі пачаў супадаць з маскоўскім.
Дарэчы, у гісторыі Беларусі быў момант, калі ўсе гадзіннікі перавялі не на гадзіну, а ўсяго на 10 хвілін. Гэта адбылося 2 траўня 1924 года, калі ў СССР увялі міжнародную сістэму гадзінных паясоў. А паколькі да гэтага ўсе населеныя пункты Беларусі жылі паводле мясцовага сонечнага часу, то, каб устанавіць адзіны час і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднай практыкай, усе гадзіннікі былі пераведзеныя на 10 хвілін наперад.
Тады ж у Беларусі быў устаноўлены гадзінны пояс UTC+2. Да якога, у адпаведнасці з міжнароднай сістэмай гадзінных паясоў, тэрыторыя Рэспублікі і належыць.
Аднак, 21 чэрвеня 1930 года ва ўсіх рэгіёнах СССР гадзіннік быў пераведзены на 1 гадзіну наперад на так званы «дэкрэтны час». Такім чынам у БССР быў устаноўлены час UTC+3.
Беларусь вярнулася да часавага пояса UTC+2 29 верасня 1991 года, адмовіўшыся ад савецкага “дэкрэтнага”. Затым у Беларусі прадоўжылі пасля кароткага перапынку практыку пераводу стрэлак з зімовага на летні час. І ў краіне чаргаваліся два гадзінныя паясы: UTC+2 — узімку, UTC+3 — улетку.
Аднак 27 сакавіка 2011 года ўлады Беларусі заявілі аб адмове ад чаргавання гадзінных паясоў. Як гаварылася ў пастанове Саўміна, гэта зрабілі «ў мэтах поўнага выкарыстання светлага часу дня, паляпшэння ўмоў працы і адпачынку насельніцтва», а таксама для забеспячэння на тэрыторыі Беларусі вылічэння пояса, узгодненага з удзельнікамі Мытнага саюза. Такім чынам, у Рэспубліцы зноў вярнулі «дэкрэтны час» часоў СССР.
Дарэчы, адпаведнасць устаноўленага гадзіннікавага пояса геаграфічнаму лёгка праверыць. Для гэтага трэба палічыць сярэдні час надыходу сонечнага поўдня для гарадоў Беларусі. Яно разлічваецца па геаграфічнай даўгаце населеных пунктаў. Паводле разлікаў, у Беларусі ёсць нейкае несупадзенне, бо сонечны поўдзень у беларускіх гарадах надыходзіць не а 12:00, а:
13:25 Берасце,
13:25 Гародня,
13:10 Менск,
12:59 Віцебск,
12:59 Магілёў,
11.56 Гомель.
Чаму Еўропа пераводзіць стрэлкі і адкуль узяўся гэты звычай?
Зрэшты, у Еўропе таксама не ўсе задаволеныя зменай гадзінных паясоў два разы на год. Цягам многіх гадоў краіны ЕЗ тлумачылі неабходнасць пераходу на зімовы ці летні час эканоміяй электраэнэргіі.
Аднак, яшчэ ў 2018 годзе Еўракамісія афіцыйна прапанавала скасаваць перавод стрэлак. Мала таго, Еўрапарламент падтрымаў гэтую прапанову ў рэзалюцыі ў 2019 годзе. Гэта было зроблена пасля таго, як Камісія правяла публічныя кансультацыі, падчас якіх 4,6 мільёна грамадзян ЕЗ выказаліся за яго скасаванне.
Скасаванне павінна было адбыцца ў 2021 годзе. Аднак Рада Еўропы, куды ўваходзяць прадстаўнікі выканаўчай улады ўсіх 27 краін Еўразвязу, такую пастанову не ўхваліла.
Дарэчы, пераход на летні і зімовы час быў прыдуманы ўладамі Вялікай Брытаніі і Нямеччыны падчас Першай сусветнай вайны. Летні час быў уведзены для эканоміі вугалю. Ён быў скасаваны пасля заканчэння вайны, але адноўлены ў 1980-х гадах, калі зноў узнікла неабходнасць эканоміць рэсурсы, выкліканая сусветным нафтавым крызісам. А ў СССР стрэлкі пераводзілі з 1981 да 1989 год. На тэрыторыі БССР тады летам стрэлкі пераводзілі аж на гадзінны пояс UTC+4.
З 2002 года ўсе краіны Еўрапейскага Звязу, за выключэннем Ісландыі, пераводзяць стрэлкі ў апошнія нядзелі сакавіка і кастрычніка.
Ці ёсць карысць ад пераводу стрэлак?
Даследаванні на гэтую тэму паказалі, што эканомія электраэнэргіі насамрэч ёсць. Але вельмі нязначная.
Навукоўцы з Карлава ўніверсітэта ў Празе на аснове пагадзінных звестак за перыяд з 2010 да 2017 года падлічылі, што пераход на летні час у Славаччыне прывёў да эканоміі энэргіі, роўнай усяго 0,8% ад гадавога спажывання электраэнэргіі.
У ЗША такое даследаванне, праведзенае Міністэрствам транспарту ў 1975 годзе, паказала, што пераход на летні час скарачае спажыванне энэргіі ў краіне прыкладна на 1%.
Тым часам, у ЕЗ нават з'явіўся рух «Выкарыстанне часу», які выпусціў Маніфест з заклікам спыніць перавод стрэлак.
«ЕЗ павінен адрэагаваць на негатыўны ўплыў на няўзгодненых гадзіннікаў, намагаючы на ўвядзенні сталых гадзінных паясоў, максімальна набліжаных да сонечнага часу (натуральнага часу) у Еўропе», - гаворыцца ў маніфесце.
«Перавод стрэлкі гадзіннікаў, праз якія расклад пачынаецца раней за натуральны цыкл змены дня і ночы, павялічвае колькасць недасыпаў і мае негатыўнае ўздзеянне на здароўе людзей, эканоміку і бяспеку. У ЕЗ ёсць магчымасць змяніць гэта», - гаворыцца ў дакуменце.