ПАР абвінаваціла Расею ў хлусні
5- 24.10.2024, 15:16
- 25,654
Праз заявы аб крэдыце на саміце БРІКС.
Заявы Расеі аб тым, што з Паўднёвай Афрыкай на саміце БРІКС была дасягнутая дамоўленасць аб прыцягненні крэдыту ў паўднёваафрыканскіх рандах для дзяржкарпарацыі ЗЭБ.РФ, не адпавядаюць рэчаіснасці.
Пра гэта ў чацвер паведаміў Банк развіцця ПАР (Development Bank of Southern Africa, DBSA), каментуючы словы кіраўніка ЗЭБа Ігара Шувалава пасля сустрэчы пашыраных дэлегацый краін БРІКС напярэдадні.
Як заявіў Шувалаў, з DBSA было ўзгоднена «рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве», а таксама аб крэдытных лініях у нацыянальных валютах. «Чакаем, што да гэтага дакумента далучацца Бразілія і Індыя», – казаў Шувалаў, дадаючы, што таксама пачатая праца па пашырэнні Механізму міжбанкаўскага супрацоўніцтва (ММС).
На справе ніякай дамовы аб крэдыце для ЗЭБа, які адключаны ад сістэмы SWIFT і знаходзіцца пад блакавальнымі заходнімі санкцыямі, на саміце БРІКС «не падпісвалася», падкрэслілі ў DBSA (заяву банка цытуе паўднёваафрыканскі партал навін news24).
Старшыня праўлення банка Ібрахім Расаол сапраўды прысутнічаў у Казані, але на сустрэчы абмяркоўвалася ўключэнне новых чальцоў БРІКС у платформу ММС, паведамілі ў DBSA. «На гэты момант у рамках гэтага механізму не ўкладзена ніякіх крэдытных пагадненняў», - дадалі ў банку.
Саміт БРІКС, які стартаваў 22 кастрычніка ў Казані, стаў «найбуйнейшым замежнапалітычным мерапрыемствам», якое калі-небудзь праводзілася ў Расеі, гаварыў перад яго пачаткам памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў.
На сустрэчы Уладзімір Пуцін прадставіў калегам па БРІКС праект альтэрнатыўнай даляру міжнароднай аплатнай сістэмы, якая, паводле задумы Крамля, магла б уключаць адзіную валюту, сыравінную і збожжавую біржы, а таксама механізм для транзакцый у лічбавых актывах.
Аднак ніякіх канкрэтных пастаноў па праекце Пуціна лідары БРІКС не прынялі. У выніковую дэкларацыю саміту трапіла толькі заява аб неабходнасці «вывучыць» расейскую ініцыятыву, тады як на неафіцыйным узроўні Індыя, Бразілія і АЭА паведамілі аб нежаданні ператвараць БРІКС у антызаходні альянс.
Усяго на саміт у Казань прыехалі 22 з 38 запрошаных кіраўнікоў замежных дзяржаў. Прэзідэнт Бразіліі адмовіўся ад візіту ў апошнюю хвіліну, спаслаўшыся на падзенне ў ваннай, а лідары Турцыі і Індыі - Раджэп Эрдаган і Нарэндра Модзі - з'ехалі з Расеі, не чакаючы заканчэння мерапрыемства.