24 кастрычнiка 2024, Чацвер, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час Лукашэнкі заканчваецца

6
Час Лукашэнкі заканчваецца

З'явіцца шанц на перамены.

Здарылася тое, што было відавчона праз многія сімптомы: Аляксандр Лукашэнка падсунуў дату прэзідэнцкіх выбараў. Прычым на цэлых паўгода. Чаму ён так спяшаецца?

Так, фармальна мы пакуль не ведаем, ці пойдзе Аляксандр Лукашэнка на чарговы тэрмін. Але сумневаў у гэтым практычна няма (калі не здарыцца чагосьці надзвычайнага). На раскрутку тэарэтычнага пераемніка замала часу.

Ды і не бачыць правадыр рэжыму годнага пераемніка. Дакладней, проста баіцца каму перадаваць карыта.

Крэмль, мяркуючы з усяго, даў Лукашэнку ярлык на новы тэрмін і сімвалічна праілюстраваў гэта ордэнам ад Пуціна. Маскве абсалютна не трэба мяняць каня на пераправе.

У выпадку ж мірных перамоў аб Украіне правадыр Беларусі хацеў бы сядзець за іх сталом у новай кароне.

Пры гэтым вайна - штука досыць непрадказальная. Лукашэнка можа думаць: чорт яго ведае, што ў галаве ў гэтых украінцаў. Учора зайшлі ў Курскую вобласць, а заўтра раптам шандарахнуць па Мазырскім НПЗ - і пайшло-паехала. Якія ўжо тамака выбары.

Яшчэ адзін момант: акурат сёння на пасяджэнні супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі ў Менску зацвердзілі задуму супольных стратэгічных вучэнняў "Захад-2025". У чым гэта задума, мы можам толькі варажыць.

Успомнім: менавіта пад маркай супольных манеўраў расейскія войскі зайшлі ў Беларусь для нападу на Кіеў у лютым 2022-га. А раптам Масква хоча паўтарыць? Зразумела, што такая перспектыва таксама не спрыяе правядзенню электаральнай кампаніі.

Карацей, туман вайны таксама, трэба думаць, падштурхоўвае Лукашэнку правесці выбары крыху раней.

Нарэшце, мы ж толкам не ведаем, што ў яго са здароўем. Відавочна толькі, што яно не паляпшаецца і сам ён не маладзее. Магчыма, фактар здароўя таксама змушае Лукашэнку паскорыць працэс.

Думка, што час правадыра так ці інакш заканчваецца, грэе душу яго палітычных апанентаў. Таму што Лукашэнка - гэта кансервацыя сістэмы, а вось пасля яго з'яўляецца як мінімум шанец на перамены.

Аляксандр Класкоўскі, «Позiрк»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках