22 кастрычнiка 2024, aўторак, 20:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У кагосьці пачаўся склероз

4
У кагосьці пачаўся склероз
Фота: AFP

Беларускі тэлевізар прарвала.

Я хачу сказаць, што аптымізм - гэта, вядома, другое шчасце. Вось сёй-той учора сказаў, што хоча разам з Пуціным пабудаваць дарогу Масква-Берасце да Бэрліна. І добра сёй-той у Бэрліна забыўся спытаць. Меркаванне Бэрліна сяму-таму, можа, і не цікавае. Але ён жа і ў Пуціна, здаецца, не пацікавіўся ўзаемнасцю гэтых грандыёзных планаў.

А ў пятніцу нехта падоўжыў на нявызначаны тэрмін паўнамоцтвы камісіі вяртання беларусаў, якія з'ехалі. Вось за першы тэрмін прывабіць беларусаў, якія з'ехалі, назад не атрымалася.

За другі тэрмін справа таксама неяк не надта добра пайшла. Нават горш, дарэчы, чым за першы. Бо за першы тэрмін спецыяліст у нацыянальным прымірэнні і генацыдзе беларускага народа пракурор Швед яшчэ нечым выхваляўся. А за другі тэрмін яму ўжо і пахваліцца не было чым.

Але адсутнасць практычных вынікаў не нагода адмаўляцца ад аптымізму. Вось чаму сёй-той думае, што за бестэрміновы тэрмін камісія справіцца? Бо хочацца. Бо яго аптымізму не замінае бяздушная рэальнасць.

А ў суботу сёй-той сказаў, што ў яго былі сакрэтныя перамовы з прадстаўнікамі найбагацейшых краін Захаду. І, заўваж, я нават не кажу, што гэта былі ўяўныя прадстаўнікі. Хаця мог бы. Але калі парыцца ў дыпламатычных каналах, то нейкага прадстаўніка заўсёды можна знайсці. А дзе адзін, тамака і двое. А двое гэта ўжо многа.

І паколькі гэта былі непублічныя перамовы, то ў суботу сёй-той пра іх расказаў. І як толькі ён расказаў, беларускі тэлевізар адразу прарвала на Захад. Высвеітлілася, што ў кагосьці ў беларускім тэлевізары кантакты з прадстаўнікамі былі заўсёды. Што ў сяго-таго і яго тэлевізара гэтых прадстаўнікоў як таго гуталіну. Дзявацца ўжо ад гэтых прадстаўнікоў не было куды.

І ўсе прадстаўнікі, што характэрна, у непублічнай фізічнай форме. І ўвесь час абмяркоўваюць нармалізацыю стасункаў. Вось як толькі з'явяцца, дык адразу абмяркоўваюць па закрытых дыпламатычных каналах. Часам усе адразу ў адным пакоі.

А ведаеш чаму? Таму што ўнікальнае геапалітычнае значэнне. І міма такога геапалітычнага значэння не можа прайсці ніводзін прадстаўнік. Асабліва калі ён знаходзіцца ў непублічнай фізічнай форме. Адразу спыняецца і хоча абмеркаваць.

І вось ведаеш, што я раптам падумаў? Можа гэта ўвогуле ніякі не аптымізм. Можа гэта такія кагнітыўныя ўзроставыя асаблівасці арганізма. Але калі шчасця ў жыцці няма, то склероз таксама другое шчасце.

Telegram-канал "Лісты да дачкі"

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках