Беларус пайшоў на міліцыянтаў з бензапілой
19- 20.10.2024, 12:00
- 8,248
Тыя ўжылі зброю.
60-гадовая жыхарка Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што яе сястру збівае сын. На месца неадкладна выехаў патруль, аднак сутыкнуўся з агрэсіяй на свой адрас, паведамляе МУС Беларусі.
Убачыўшы сілавікоў, 31-гадовы мужчына з відавочнымі прыкметамі ап'янення завёў бензапілу і накіраваўся ў іх бок. На неаднаразовыя патрабаванні спыніцца не рэагаваў. Супрацоўнік зрабіў некалькі папераджальных стрэлаў, затым прыцэльны ў нагу.
Нападнік шпіталізаваны, яму надаецца неабходная медыцынская дапамога.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Распачатая крымінальная справа за гвалт або пагрозу выкарыстання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Нападніку пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.