Расейскія навукоўцы перасталі займацца гіпергукавымі даследаваннямі
11- 2.10.2024, 19:32
- 8,480
Праз паляванне ФСБ за «шпіёнамі».
Пераслед навукоўцаў, якія займаліся даследаваннямі ў сферы гіпергукавых ракет, фактычна забівае гэтую галіну навукі. Ніхто не хоча быць наступным у доўгай чарадзе тых, каго абвінавацілі ў дзяржздрадзе за працу ў гэтай галіне, ва ўхваленых дзяржавай праектах.
Суды прыгаварылі ўжо чацвярых навукоўцаў-фізікаў да зняволення ў калоніі, даўшы ім тэрміны ад 12 да 15 гадоў. Апошнім у пачатку верасня стаў дырэктар Інстытута тэарэтычнай і прыкладной механікі Сібірскага аддзялення РАН Аляксандр Шыплюк, які больш за 10 гадоў займаўся распрацоўкай гіпергукавых ракет. Яго, як і іншых даследчыкаў, прызналі вінаватым у дзяржздрадзе: нібыта ён перадаў сакрэтныя звесткі Кітаю на навуковай канферэнцыі ў 2017 годзе. Шыплюк сваёй віны не прызнаў.
Адным з першых у дзяржздрадзе быў абвінавачаны ў 2018 г. Віктар Кудраўцаў, вядучы спецыяліст Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута машынабудавання (ЦНДІМаш). Навуковец не дажыў да суда: пасля года і двух месяцаў у СІЗА «Лефортава» (75-гадовы Кудраўцаў стаў самым паджылым яго зняволеным) ён быў выпушчаны па стане здароўя пад падпіску аб нявыездзе і памёр у пачатку 2021 г. Яшчэ двое паджылых навукоўцаў, Дзмітрый Колкер (загадчык лабараторыяй квантавых аптычных тэхналогій у Інстытуце лазернай фізікі Сібірскага аддзялення РАН) і Раман Кавалёў (начальнік Цэнтра цеплаабмену і аэрагазадынамікі ЦНДІМаш), якія пакутавалі ад ракавых захворванняў, былі арыштаваныя і неўзабаве памерлі.
Дзеянні ФСБ спарадзілі атмасферу страху ў навуковай супольнасці. Пакуль іншыя даследчыкі чакаюць суда, многія навукоўцы перасталі займацца значнымі даследаваннямі ў сферы гіпергуку і высакахуткаснай аэрадынамікі, распавёў The Wall Street Journal сын Віктара Кудраўцава Яраслаў, таксама фізік, але які жыве цяпер у Парыжы:
«Гэта проста сабатаж з боку ўладаў, і найперш ён шкодзіць расейскай навуцы. Спрабуючы захаваць сакрэтнасць у вайсковых даследаваннях, яны практычна забіваюць мірную навуку ў гэтых абласцях».
Многія з абвінавачаных у дзяржздрадзе нават не займаліся ўласна вайсковымі распрацоўкамі. Віктар Кудраўцаў, напрыклад, працаваў у рамках еўрапейскай навуковай праграмы, ухваленай і часткова фінансаванай расейскім урадам, кажа Яраслаў. Але калі пачалося паляванне за шпіёнамі, яго бацька стаў лёгкай здабычай, бо быў каардынатарам з расейскага боку. «Праз яго здзяйсняўся навуковы абмен. Яго арыштавалі, бо ён быў тым чалавекам, што перадаваў інфармацыю заходнім удзельнікам праекту», - кажа Яраслаў Кудраўцаў.
Праграма «цалкам выразна выключала вайсковыя даследаванні», гаварылася ў лісце ў падтрымку Кудраўцава, які ў 2019 г. апублікаваў Фон Карманаўскі інстытут гідрадынамікі ў Бельгіі.
ФСБ заводзіць справы збольшага для таго, «каб пераканаць сябе і Пуціна ў тым, што ў Расеі сапраўды ёсць перадавыя навуковыя дасягненні і што шпіёны з усяго свету спрабуюць іх скрасці», сказаў WSJ адвакат Яўген Смірноў з «Першага аддзела», які абараняў у судах фігурантаў спраў аб дзяржздрадзе, у тым ліку навукоўцаў. Раней Смірноў казаў, што ў прыватных гутарках супрацоўнікі ФСБ прызнаваліся: арышты паводле абвінавачванняў у перадачы сакрэтнай інфармацыі аб расейскай гіпергукавой зброі адбываюцца «паводле высокага жадання». Следчыя проста казалі, што дакладваюць Пуціну пра кожную такую справу ў дачыненні да навукоўцаў, адзначаў Смірноў.
Агулам 12 чалавек, якія займаліся фундаментальнымі даследаваннямі ў галіне гіпергуку і аэрадынамікі, былі за апошнія шэсць гадоў арыштаваныя па такіх справах, падлічыла ў пачатку года «Руская служба ВВС». ФСБ пачала паляваць на навукоўцаў у 2018 г., пасля таго як Уладзімір Пуцін у пасланні Федэральнаму сходу прэзентаваў «аналагаўнетныя ў свеце» гіпергукавыя ракеты. Новая зброя зможа пераадольваць усе сучасныя сістэмы ПРА і будзе «практычна недасяжнай», - заявіў ён.