24 снежня 2024, aўторак, 21:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіпрскія банкі адмовіліся ад паловы расейскіх кліентаў праз санкцыі

2
Кіпрскія банкі адмовіліся ад паловы расейскіх кліентаў праз санкцыі

Устаноўлены сур'ёзны кантроль.

Доля расейскіх кліентаў у кіпрскіх банках пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну скарацілася амаль удвая - да 0,35%, а аб'ём дэпазітаў з РФ знізіўся з 2,21% да 1,53% ад агульнага аб'ёму ўкладаў. Гэты спад наўпрост звязаны з санкцыямі, уведзенымі ААН, ЕЗ, ЗША і Вялікай Брытаніяй у адказ на вайну, паведамляе Associated Press, спасылаючыся на звесткі кіпрскіх фінарганізацый.

З 2022 года праз санкцыі колькасць кліентаў банкаў Кіпра з Расеі, а таксама Украіны скарацілася на 13 тысяч, колькасць рахункаў паменшылася на 35 тысяч, што прывяло да страт сумаю 2 млрд еўраў.

Кіпрскія банкі актыўна дэманструюць паварот да больш жорсткага кантролю, дыстанцуючыся ад ранейшых менш празрыстых практык, якія прыцягвалі ценявых укладчыкаў, у тым ліку расейскіх алігархаў, піша агенцтва. Мясцовыя чыноўнікі ў гутарцы з AP падкрэслілі, што празрыстая фінансавая сістэма, свабодная ад такіх аперацый, створыць умовы для прытоку законных міжнародных інвестыцый.

У пачатку кастрычніка стала вядома, што найбуйнейшы банк Кіпра - Bank of Cyprus - зачыніў блізу 20 тысяч рахункаў, якія належалі 7 тысячам расейскіх кліентаў. «У 2014 годзе, калі пачалася санацыя кліенцкага партфеля, на расейцаў прыходзілася 4% нашых кліентаў. Сёння гэтая доля складае ўсяго 0,4% », - паведаміў прадстаўнік банка Карэн Ле Кан.

Увесну 2023 года Bank of Cyprus абвясціў аб намеры закрыць рахункі 4000 расейскіх кліентаў, якія не пражываюць у краінах ЕЗ. Прычынай гэтаму стала прыпыненне сяброўства Расеі ў FATF (Групе распрацоўкі фінансавых захадаў барацьбы з адмываннем грошай) у лютым 2023 года.

У пачатку лютага 2024 года яшчэ адзін буйны кіпрскі банк - Hellenic - пачаў масава закрываць рахункі расейцаў, у тым ліку тых, хто меў кіпрскія дакументы. Закрыццё таксама закранула аперацыйныя кампаніі гэтых кліентаў. Банк не агучыў прычыны такой пастановы.

Пасля анэксіі Крыма, у перыяд з 2014 да 2023 года, кіпрскія банкі закрылі рахункі 90% расейскіх кліентаў, а аб'ём дэпазітаў з Расеі скараціўся на 83%. Увогуле абслугоўванне было спыненае для 72 тысяч фізічных і юрыдычных асоб, у асноўным звязаных з Расеяй.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках