Таямнічыя амерыканскія беспілотнікі Phoenix Ghost для Украіны рассакрэцілі
7- 19.10.2024, 16:27
- 17,522
Зрэшты, некаторыя дэталі ўсё ж засталіся засакрэчанымі.
Дроны-камікадзэ Phoenix Ghost некалькі разоў згадваліся ў інфармацыі ад Пентагона аб перададзенай Украіне зброі. Аднак яны былі ці не самай таямнічай зброяй вайны. Ніхто не ведаў дакладна, як яны выглядаюць і якія іх характарыстыкі.
Выданне The War Zone на днях апублікавала частку інфармацыі аб гэтых беспілотніках. Як высветлілася, Phoenix Ghost не назва асобнага дрона, а цэлага сямейства беспілотнікаў-камікадзэ. Іх вытворца кампанія AEVEX Aerospace. У публікацыі гаворыцца аб некалькіх узорах беспілотнікаў: Disruptor, Dominator і Atlas.
Phoenix Ghost Disruptor
Disruptor можна запускаць некалькімі спосабамі. Максімальная ўзлётная вага - 84 кг пры запуску пнеўматычным спосабам, але яе можна павялічыць на 10 кг. Заяўляецца таксама, што гэты дрон можна запусціць з транспартнага сродку. З рухавіком унутранага згарання Disruptor можа заставацца ў паветры на працягу 4,5 гадзін і праляцець на максімальную адлегласць да 600 км з карысным грузам 22 кг. Кампанія таксама прапануе версію з электронным упырскваннем паліва (EFI), што павялічвае яго час у паветры да 11,6 гадзін і пашырае запас ходу да 1322 кіламетраў. Вонкава, дрон параўноўваюць з Shahed-101.
Dominator таксама можа запускацца двума спосабамі, што дазваляе павялічваць узлётную вагу з 93 да 103 кг. Рухавік падобны як у папярэдняй мадэлі:
- пры звычайным рухавіку - знаходжанне ў паветры 4,6 гадзіны, далёкасць 492 км.
- пры рухавіку з EFI - 11,7 гадзіны ў паветры і далёкасць 1196 км.
Phoenix Ghost Atlas
Гэты дрон мае заяўленую далёкасць палёту да 120 км, пры гэтым даўжыня корпуса складае амаль 0,6 метраў, размах крылаў - блізу 1,2 метраў. Atlas мае прапелер, які штурхае яго ззаду.
У кампаніі AEVEX таксама адзначылі, што сямейства Phoenix Ghost ахоплівае і іншыя распрацоўкі, якія кампанія пакуль трымае ў сакрэце. Партал Defense Express адзначае, што ў 2022 годзе Пентагон высока ацаніў выкарыстанне дронаў на полі бою ва Украіне. Менавіта дрон-камікадзэ сямейства Phoenix Ghost мог выкарыстоўвацца СБУ для знішчэння С-300 у тыле ворага ў сакавіку 2023 года.