У Польшчы нарадзіліся чатыры вельмі рэдкія суматранскія тыграняці
2- 19.10.2024, 14:55
- 5,378
Гэта амаль феномен.
Ва Уроцлаўскім заапарку ў Польшчы нарадзіліся чатыры суматранскія тыграняці – тры самцы і адна самка. Іх від вымірае.
«Нараджэнне чатырох асобінаў – гэта амаль феномен. У такіх прыплодах часта не ўсе кацяняты дажываюць да дарослага ўзросту. Таму тым больш радасна, што тыграняты развіваюцца здаровымі, актыўнымі, хочуць есці і гуляць адзін з адным і са сваімі бацькамі», – паведамляе заапарк. Там адзначылі, што бацька тыгранятаў быў з імі з самага пачатку, што для тыгра рэдкасць.
Дзіцяняты нарадзіліся яшчэ ў ліпені, але заапарк пастанавіў не паведамляць пра гэта, пакуль яны не адужэюць і не пройдуць вакцынацыю, паведамляе ABC News. Імёны тыгранятам пакуль не далі – заапарк падумвае даць гэтую магчымасць наведвальнікам.
У дзікай прыродзе засталося ўсяго блізу 400 асобінаў суматранскага тыгра. Від знаходзіцца на мяжы поўнага знікнення праз віну чалавека. Арэал пасялення тыграў істотна скараціўся праз пашырэнне пальмавых плантацый, а на саміх жывёлаў палююць браканьеры – у тым ліку дзеля віна з тыгровых костак (багатыя кітайцы вераць, што яно надзеліць іх рысамі тыгра).