Зорку фільма «Хросны бацька» ледзь не выкралі
4- 19.10.2024, 11:57
- 3,196
Аль Пачына расказаў пра дзіўны выпадак у ягоным жыцці.
Амерыканскі актор Аль Пачына, які вядомы з фільмаў «Хросны бацька», «Дом Гучы» і «Рэальныя хлопцы», расказаў пра дзіўны выпадак у ягоным жыцці. Паводле словаў зоркі, ён ледзь не стаў ахвярай выкрадальніцы. Пра гэта піша выданне People.
У сваіх мемуарах актор згадаў інцыдэнт, які здарыўся з ім шмат гадоў таму. Пасля выхаду фільма «Хросны бацька» Аль Пачына адразу стаў вядомым.
А аднойчы, калі ён з братам выпіў алкагольных напояў і не мог знайсці дарогу ў гатэль, яму нечакана надумала дапамагчы незнаёмка. Мужчына пагадзіўся і сеў да яе ў машыну.
«Пакуль мы ехалі, нават у сваім нецвярозым стане, я зразумеў, што яна не вязе мяне туды, дзе я спыніўся. Я сказаў ёй: "Што тут адбываецца?" І яна наўпрост сказала: "Я выкрадаю цябе"», – расказаў Аль Пачына.
Пасля гэтых словаў актор спалохаўся і хацеў выйсці з машыны. Аднак жанчына не спынялася і ехала далей.
«Я быў п'яны, але быў гатовы выскачыць з машыны, якая рухалася. Зрэшты, гэта не адбылося са мной. Незнаёмка ўбачыла мае спробы адчыніць дзверы і моўчкі збочыла ў правільным кірунку».
Актор хутка сышоў і да гэтага часу не ведае, што гэта была за жанчына і чым магло ўсё скончыцца.