У Менску адбыліся два падобныя ДТЗ
7- 17.10.2024, 20:49
- 6,900
Праз канфлікт левага павароту.
Сёння ў Менску адбыліся два тыповыя ДТЗ: абодва, паводле папярэдніх звестак, здарыліся праз канфлікт левага павароту. Адно са здарэнняў зарэгістраванае на скрыжаванні вуліцаў Сярова і Каржанеўскага, другое – на вуліцы Трасцянецкай ля будынка №17, паведамляецца ў Telegram-канале УДАІ ГУУС Менгарвыканкама.
Паведамляецца, што блізу 13:20 60-гадовы кіроўца аўтамабіля Volkswagen пры павароце налева на дазваляльны сігнал святлафора на скрыжаванні вуліцаў Сярова і Каржанеўскага не даў перавагу аўтамабілю Opel, які рухаўся ў сустрэчным кірунку, і здзейсніў з ім сутыкненне. Кіроўца аўтамабіля Volkswagen атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя для абследавання.
Іншае ДТЗ адбылося блізу 17:00. Паводле звестак ДАІ, 28-гадовая кіроўца аўтамабіля MINI Cooper, рухаючыся па вуліцы Трасцянецкай, пры павароце налева паблізу будынка нумар 17 не саступіла дарогу аўтамабілю Renault, які рухаўся ў сустрэчным кірунку. Пасля сутыкнення з ім Renault адкінула на прыпаркаваны аўтамабіль Toyota, паведамляе «Анлайнер».
У выніку ДТЗ пацярпелі 7-гадовы пасажыр MINI Cooper і 48-гадовы кіроўца Renault. Яны былі дастаўленыя ва ўстанову аховы здароўя для абследавання.