У Віцебску знайшлі ўнікальны Opel 1937 года
11- 16.10.2024, 11:44
- 5,596
Яго выставілі на продаж.
Жыхар Віцебску выставіў на Kufar нямецкі аўтамабіль, якому 87 гадоў. Гэтая мадэль выпускалася ўсяго 2 гады.
Сёння на папулярнай гандлёвай пляцоўцы з'явілася аб'ява аб продажы антыкварнага аўтамабіля "Opel" 1937 года выпуску.
У апісанні мадэль аўто паказаная як B6 . Але, наколькі змаглі высветліць «ННВ», хутчэй за ўсё, гэта "Opel Super 6". Гэтая мадэль выпускалася з 1937 да 1938 года ў варыянтах 4-дзвярнога седана, 2-дзвярнога купэ і 2-дзвярнога кабрыялета. Усяго было выпушчана 46 453 аўтамабіляў. У Віцебску прадаецца варыянт з 4-дзвярным кузавам.
Аўтамабіль важыў больш за тону – 1 145 кілаграмаў - і з родным 2.5 літровым рухавіком магутнасцю звыш 50 конскіх сіл мог разганяцца да 117 кіламетраў на гадзіну.
Гэты асобнік "Opel Super 6" знаходзіцца прыкладна за 25 кіламетраў ад Віцебска ў Крупеніне. Хаваўся ён у нейкім напаўразбураным будане і час не пашкадаваў антык.
Мяркуючы з аўтамабільнага рэгістрацыйнага нумару СССР узору 1959 года, гэтае аўто эксплуатавалася яшчэ як мінімум у 1960-я гады. Яго ўладальнік, мяркуючы з таго ж нумара «97-97 ХМД» жыў у Смаленскай вобласці РСФСР і меў «блат» у ДАІ, так змог атрымаць «прыгожы» нумарны знак.
Кошт лота ўстаноўлены прыкладна эквівалентны 10 000 далярам ЗША.