Расейскі флот паралізаваны ў Азова-Чарнаморскім рэгіёне
1- 15.10.2024, 16:19
- 3,786
І не здольны ўплываць на ход баявых дзеянняў.
Расейскі флот паралізаваны ў Азова-Чарнаморскім рэгіёне, заявіў спікер Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны Дзмітрый Плецянчук. Масква дагэтуль ўважае сябе магутнай марской дзяржавай, але ў рэальнасці Чарнаморскі флот пасля таго, як Сілы абароны знішчылі блізу траціны яго караблёў, не здольны ўплываць на ход баявых дзеянняў, паведамляе FREEДОМ.
«Нават нягледзячы на тое, што некаторыя адзінкі [расейскага флоту] маглі б перакінуць па ўнутраных водах, яны гэтага рабіць не будуць, бо не могуць справіцца нават з тымі адзінкамі, што ў іх застаюцца ў Чарнаморскім флоце, які фактычна паралізаваны ў Азова-Чарнаморскім рэгіёне. Што тычыцца іншых акваторый, як, напрыклад, Міжземнамор'е, то адтуль яны сюды таксама не могуць патрапіць», - пракаментаваў спікер Вайскова-марскіх сіл УСУ Дзмітрый Плецянчук у эфіры марафону «Едині новини».
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі УСУ знішчылі блізу траціны караблёў расейскага Чарнаморскага флоту. У пераліку страт - розныя тыпы вайсковых суднаў: ад ракетных крэйсераў і вялікіх дэсантных караблёў да патрульных і дэсантных катэраў.
«Дэсант ім [расейцам] высадзіць, вядома, складаней. Для гэтага ім трэба здушыць нашы берагавыя ракетныя сістэмы, якія знаходзяцца ў нас на ўзбярэжжы на Адэшчыне і Мікалаеўшчыне. Пагатоў, яны страцілі шмат дэсантных караблёў», - адзначыў капітан 1-га рангу запасу, намеснік начальніка штаба ВМС УС Украіны Андрэй Рыжэнка.
З 10 да 16 верасня пасля двухгадовага перапынку Вайскова-марскія сілы Расеі правялі стратэгічныя вучэнні «Акіян-24». У прапагандысцкіх СМІ паведамілі: у манеўрах узялі ўдзел больш за 400 караблёў, 120 самалётаў і 90 тысяч вайскоўцаў. Аперацыі праводзілі ў Баранцавым, Балтыйскім, Міжземным і Каспійскім морах, а таксама ў Ціхім і Паўночным Ледавітым акіянах. У справаздачы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі гаворыцца, што заяўленая колькасць расейскай вайсковай тэхнікі моцна перабольшаная.
«Вучэнні сапраўды праводзіліся ў гэтых раёнах, але Расея амаль напэўна моцна перабольшыла гэтыя лічбы, бо цяпер у іх могуць узяць удзел толькі блізу 300 суднаў. Вучэнні «Акіян-24», магчыма, былі спробай прадэманстраваць магчымасці, нягледзячы на вайну», - выказала меркаванне Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў сацсетцы X.
На думку экспертаў, Расейская Федэрацыя спрабуе стварыць пагрозу і на Ціхаакіянскім рубяжы. Нядаўна ў Санкт-Пецярбургу на ваду спусцілі дызель-электрычную падводную лодку Б-610 «Якуцк» праекта 636 «Варшавянка». Субмарыны гэтага тыпу з'яўляюцца носьбітамі ракет «Калібр». «Якуцк» стала шостай падлодкай гэтага класа ў складзе Ціхаакіянскага флоту Расеі.