Расейскі футбольны клуб шукае таролага для перамогі
7- 14.10.2024, 20:50
- 4,570
Заробак вас здзівіць.
Казанскі клуб «Сокал» з трэцяга дывізіёна чэмпіянату Расеі шукае таролага для перамогі над клубам «Пары НН» 18 кастрычніка.
Сярод асноўных патрабаванняў з боку наймальніка значыцца ўменне працаваць з картамі Таро, веданне асноваў астралогіі і нумаралогіі, а таксама ўменне рабіць прагнозы.
У абавязкі спашукальніка будзе ўваходзіць правядзенне кансультацый з гульцамі і трэнерамі, складанне індывідуальных прагнозаў для кожнага гульца, правядзенне групавых сеансаў для ўсёй каманды, а таксама ўдзел у падрыхтоўцы да матчу і падтрымка футбалістаў падчас гульні.
Будучаму таролагу футбольнага клуба прапануюць вялікі заробак – ад $ 3000 на рукі. Пры гэтым не ўдакладняецца, будзе выплачаная гэта сума за месяц ці за адзін сеанс.
У клубе ўжо паведамілі, што на вакансію адгукнуліся больш за 20 чалавек.
«Усё дакладна, мы шукаем таролага. Мы яшчэ натальныя карты рабілі. Мяркуем, што любыя спосабы на шляху да перамогі добрыя. Хутка будзе праводзіцца адбор. Ідэальны таролаг? Самы галоўны крытэр – любоў да футболу», – сказаў у каментары «СЭ» кіраўнік аддзела медыякамунікацый «Сокала» Адэль Сафін.