WP даведалася пра просьбу Трампа лятаць на вайсковым самалёце
6- 11.10.2024, 21:09
- 4,062
Адна з прычынаў – магчымы замах, арганізаваны Іранам.
Каманда кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа запытала для яго вайсковыя самалёты для пералётаў і абмежаванні палётаў над ягонымі рэзідэнцыямі і месцамі правядзення перадвыбарных мітынгаў, паведамляе The Washington Post са спасылкай на адпаведныя электронныя лісты і звесткі крыніцаў. Таксама аб патрабаваннях узмацнення захадаў бяспекі для Трампа піша The New York Times (NYT).
WP адзначае, што ніводнага кандыдата ў найноўшай гісторыі не перавозілі на вайсковых самалётах напярэдадні выбараў. Паводле звестак газеты, павышэнне захадаў бяспекі звязанае з атрыманымі звесткамі аб падрыхтоўцы Іранам замаху на Трампа. Непакой ягоных дарадцаў выклікаюць ракеты і беспілотнікі.
«Выведная супольнасць праінфармавала перадвыбарную кампанію пра актыўную зацікаўленасць Ірана ў нанясенні шкоды містэру Трампу», – паказвае NYT.
Просьба вайсковага самалёта або дадатковай абароны прыватнага самалёта Трампа паступіла ад ягонага прыхільніка, рэспубліканца Майкла Уолца. WP адзначае, што дэмакратка Камала Гарыс, канкурэнтка Трампа і дзейная віцэ-прэзідэнтка, лётае на вайсковым самалёце Air Force Two.
NYT таксама піша, што каманда Трампа прасіла ўсталёўваць у месцах, дзе будуць праходзіць яго перадвыбарчыя мерапрыемствы, куленепрабівальнае шкло. У ліпені Трамп перажыў замах на мітынгу ў Пенсільваніі.
Мэнэджарка перадвыбарчага штабу рэспубліканца Сьюзэн Уайлс пісала кіраўніку Сакрэтнай службы Рональду Роў-мал., што ў камандзе Трампа незадаволеныя працай службы і нястачай персаналу аховы. Праз нястачу, напрыклад, адно з публічных перадвыбарных мерапрыемстваў давялося скасаваць, замест яго кандыдат размаўляў у невялікім пакоі з журналістамі.
У Сакрэтнай службе адзначылі, што ўводзяць часовыя абмежаванні на палёты над яго рэзідэнцыямі і падчас паездак, у цэлым Трампу забяспечаны «найвышэйшы ўзровень абароны», у тым ліку з боку Мінабароны, што ўключае праверку на наяўнасць выбуховых прыладаў, выкарыстанне дронаў і г.д.
У траўні 2018 года Трамп, будучы прэзідэнтам ЗША, выйшаў з ядзернай угоды з Іранам, якую ён называў «найгоршай у гісторыі». Пагадненне было заключанае пры яго папярэдніку-дэмакрату Бараку Абаму для стрымлівання ядзернай праграмы Тэгерана ў абмен на скасаванне міжнародных нафтавых і фінансавых санкцый.
Трамп нядаўна заявіў, што Іран хацеў бы бачыць прэзідэнткай Гарыс, а не яго. Такія ж звесткі прыводзіла амерыканская выведка. Сама віцэ-прэзідэнтка называла Ісламскую рэспубліку галоўным спаборнікам ЗША.