У Брытаніі выпадкова раскрылі пошту аднаго з найбагацейшых людзей свету
2- 11.10.2024, 19:16
- 6,256
Звесткі «выцеклі» пры рассылцы інфармацыі аб дзясятым Міжнародным інвестыцыйным саміце ў Лондане.
Урад Брытаніі прынёс прабачэнні заснавальніку і прэзідэнту групы кампаній LVMH Бернару Арно праз тое, што памылкова раскрыў яго ўласны электронны адрас, паведамляе Sky News. Бізнэсовец уваходзіць у пяцёрку найбагацейшых людзей свету, яго багацце Forbes ацэньвае на $181,4 млрд.
Звесткі «выцеклі» пры рассылцы інфармацыі аб дзясятым Міжнародным інвестыцыйным саміце ў Лондане, які пройдзе на наступным тыдні. У копіі паведамлення былі пазначаныя адрасы тых, каму прызначаўся ліст. Сярод гэтых людзей была пазначаная і пошта Арно, яе змаглі ўбачыць усе атрымальнікі.
«Гэта адбылося праз адміністрацыйную чалавечую памылку, і мы прыносім прабачэнні пацярпелым. Мы вельмі сур'ёзна ставімся да абароны звестак, і мы перадалі гэтае пытанне ва Управу камісара аб інфармацыі (ICO)», - заявіў Sky News прадстаўнік брытанскага Міністэрства бізнэсу і гандлю.
Французскі прадпрымальнік Бернар Арно ўпершыню з'явіўся ў спісе мільярдэраў Forbes у 1997 годзе, калі яго багацце складала $3,6 млрд. Ён увайшоў у дваццатку найбагацейшых людзей свету ў 2005 годзе (багацце $17 млрд), а ўжо ў 2011 годзе трапіў у пяцёрку (багацце $41 млрд). У апошнія гады ён спаборнічаў за першыя месцы ў рэйтынгу з Іланам Маскам і Джэфам Безасам.
Заснаваны Арно холдынг LVMH, з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам прадметаў раскошы (75 брэндаў), у тым ліку такія брэнды як Louis Vuitton, Christian Dior, Tiffany, Sephora, Givenchy, Marc Jacobs і інш. Прыбытак кампаніі вырас з $4 млрд у 1989 годзе да $94 млрд у 2023-м.