24 траўня 2025, Субота, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гародні зніклі турыстычныя стэнды пра пісьменніцу Элізу Ажэшку

12
У Гародні зніклі турыстычныя стэнды пра пісьменніцу Элізу Ажэшку

Яны былі ўстаноўленыя летам 2021 года.

З вуліцаў Гародні прыбралі турыстычныя стэнды пра жыццё пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Гэта Hrodna.life пацвердзіў адзін з гарадзенскіх краязнаўцаў.

Паводле звестак выдання, шыльдачкі з інфармацыяй пра Элізу Ажэшку прыбралі не на рамонт і назад яны могуць не вярнуцца. Аднак хто іх прыбраў – не паведамляецца.

Турыстычныя стэнды з інфармацыяй пра Ажэшку ўстанавілі на вуліцах Гародні летам 2021 года. Іх адкрыццё прымеркавалі да 180-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы. Распрацоўкай праекта займаўся Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, а грошы на гэта вылучаў Еўразвяз.

Усяго ў горадзе было 10 стэндаў на месцах, звязаных з жыццём пісьменніцы. Інфармацыя на іх была размешчаная на трох мовах: беларускай, ангельскай і польскай.

У юнацтве пісьменніца Эліза Ажэшка бывала ў Гародні толькі праездам, бо вучылася ў Варшаве. З першым мужам Пятром Ажэшкам яна пабралася ў 17 гадоў, а шлюбаваліся яны ў гарадзенскім Бернардынскім касцёле. Пазней яна жыла на Кобрыншчыне і ў Вільні, а ў канцы 1860-х пасля продажу родавага маёнтка Ажэшка пераехала ў Гародню, каб пражыць тут амаль усе 40 гадоў. Памерла і пахаваная пісьменніца таксама ў Гародні.

Акрамя турыстычных стэндаў пра Элізу Ажэшку ў ліпені 2023 года знік памятны знак паўстанцам 1863 года, які стаяў ля сцяны гарадзенскага чыгуначнага вакзала. Замест яго ўстанавілі дошку, прысвечаную савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. У Гарадзенскім гарвыканкаме на запыт мясцовых жыхароў адказалі, што не ведаюць, куды знік памятны знак.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках