УСУ прарваліся ў Вярбовае: расейцы заявілі аб адступленні
4- 30.09.2023, 13:34
- 38,172

Акупанты наважыліся на «крок добрай волі» праз праблемы з артылерыяй.
Сілы абароны Украіны рухаюцца наперад на Паўднёвым фронце. Учора, 29 верасня, УСУ, паводле папярэдніх звестак, прарваліся ў сяло Вярбовае, што на ўсходзе ад вызваленага Рабоціна, паведамляе dialog.ua.
Пра гэта ўчора ўвечары таксама напісаў расейскі Z-канал «ВДВ за Цяплінскага».
Z-канал запэўнівае, што дзеля праблем з артылерыяй расейскім войскам не выпадае стрымаць наступ УСУ на Вярбовае.

Ён параіў рыхтавацца да блізкіх уцёкаў расейскага войска з гэтага паселішча.
«Зноў супраціўнік зайшоў у Вярбовае. Цяпер спрабуем іх выкурыць. Але артылерыі мала. Мусіць, адыдзем. Ліха з ім, з гэтым Вярбовым. Усё адно нам нічога не будзе», — напісаў рэсурс.

Характэрна, што пазней увечары аўтар гэтага канала, напіўшыся, выдаў сваю асобу.

Ён запэўнівае, што з'яўляецца гвардыі капітанам на прозвішча Прохараў і ваюе на Запарожскім фронце.
«Як хочацца часам прылегчы паспаць сярод бярозавага гаю. Але тут, у запарожскім стэпе, іх няма. Чужыя тут мы. Выбачайце, што п'яны. Гонар маю, гвардыі капітан Прохараў», — напісаў акупант.
Працверазеўшы, ён выдаліў паведамленне, аднак скрын-шоты захаваліся.
Адзначым, што дзялянка ў Рабоціне адыгрывае ключавую ролю ва ўкраінскім контрнаступе. Там УСУ прарвалі ўжо некалькі ліній расейскай абароны і павялічваюць плацдарм, праз які ў патрэбны момант у тыл будуць заходзіць рэзэрвы для пераймання сухаземнага калідора ў Крым.