Як беларускі тэатральны рэжысёр Юрый Дзівакоў пакарае польскія тэатры
2- 3.09.2023, 20:06
- 3,962

У жніўні ён паказаў у Варшаве адразу тры спектаклі.
Эпатажны тэатральны рэжысёр Юрый Дзівакоў у жніўні паказаў у Варшаве адразу тры спектаклі. У мадэрнавым тэатры TR Warszawa адна за адной прайшлі прэм'еры «Eulenspiegel» («Тыль Уленшпігель») і «Koniec Półświni» («Канец паўкабана»), а фестываль Inex Fest паказаў інтэрактыўны спектакль «рЭвалюцыя Зайца» («рэвалюцыя Зайца»). Выглядае як поспех: беларускі рэжысёр раз-пораз выступае на розных варшаўскіх сцэнах, у тым ліку на запрашэнне польскіх тэатраў, як гэта было з нядаўняй пастаноўкай «Zła krew» («Дрэнная кроў») у Teatr Powszechny. Але ці сапраўды гэта такі поспех, якім здаецца збоку, і ці магчыма тэатральнаму рэжысёру працаваць і зарабляць на эміграцыі? Аб гэтым DW спытала ў Юрыя ў першую чаргу.
«Ці варта гэтая праца таго, каб за два гады сябе загубіць»
- Я падлічыў: з пачатку года я выпусціў чатыры прэмʼеры. Можна сказаць, у мяне ўсё супер: ёсць праца, магчымасці, розныя прапановы. Не скажу, што мяне задавальняе, якія ганарары з гэтага атрымліваюцца, часам гэта не ганарары, а штомесячныя выплаты ў межах рэзідэнцый. Але складана адмовіцца ад прапаноў, бо думаеш, што калі зараз адмовішся, іншага табе заўтра ўжо не прапануюць. У выніку адно навальваецца на другое, і ты больш не атрымліваеш задавальнення. Няма ў гэтым такога шчасця, як можа здацца з боку.
З праекту «Eulenspiegel» мне прыйшлося на нейкі час сысці праз стан здароўя, і каманда працавала сама. У такія моманты пачынаеш прыглядацца: ці варта гэтая праца таго, каб за два гады сябе загубіць, не атрымліваючы задавальненні і матэрыяльнай аддачы? Але вялізная падтрымка ідзе ад людзей, з якімі працуеш, а я працую з вельмі добрымі беларускімі і польскімі аторамі і актрысамі. Калі яны выходзяць на сцэну, гэта вельмі моцна.
– У «Koniec Półświni» два беларускія акторы выконваюць ролі на польскай мове. Чаму на польскай?
- Я зразумеў, што можна доўга граць па-беларуску, але гэта будзе для абмежаванай аўдыторыі, тым больш беларусы, якія тут жывуць, разумеюць польскую мову. Інтуіцыя падказвае, што так патрэбна, бо спектаклямі на мове краіны ты сябе прапануеш, паказваеш, што можаш працаваць не для адной аўдыторыі. Да таго ж, у працы з мовай, якую ведаеш неідэальна, ёсць цікавы момант складанасці: ён дапамагае знайсці візуальныя вобразы, якія мацнейшыя за словы. Пасля прэмʼеры «Koniec Półświni» мне напісалі, што нічога не разумелі па-польску, але проста глядзелі і атрымлівалі задавальненне. Я ведаю, што тым, хто ставіць па-беларуску на тэму пратэстаў ці вайны, гэта патрэбна. Мне трэба нешта іншае.
«Мне тэатр ніколі не прыносіў спакою і задавальнення»
- А што вам трэба, калі казаць пра карʼеру і развіццё ў Польшчы?
- Я не ведаю. Зараз бразгоча тэма стварэння для беларускіх тэатралаў у Варшаве свайго Дому. У мяне да яе дваякія пачуцці. Я не ацэньваю, дрэнна гэта ці добра, але асабіста я не за калектывізацыю. Ужо колькі разоў я бачыў людзей, у якіх ёсць кабінет – калі ў цябе ёсць мяккае крэсла са свіной скуры, якое яшчэ і круціцца, табе не цікава займацца тэатрам. Да таго ж тэатр – структура зайздроснікаў. Можна паглядзець, колькі беларускія тэатры працягнуць, калі атрымаюць свой Дом. Можа, усё будзе добра і я не мае рацыю – тады выдатна.
- Але не кожны знаходзіць сваё месца ў Польшчы, а такі Дом у тэорыі мог бы зарабляць.
- Мне здаецца, 70-80 працэнтаў тых, хто размаўляе пра гэты Дом, так прывыклі да сваіх кабінетаў і грымёрак у Беларусі, што іх арганізм патрабуе таго, што было: камфорту, прыемнасці, стабільнасці, спакою і задавальнення. Мне тэатр ніколі не прыносіў спакою і задавальнення, хіба што на імгненне: ты выпускаеш прэмʼеру і ўжо заўтра разумееш, што ў цябе паўгода-год можа не быць працы. Мне з гэтага пункту гледжання прасцей, я ў тэатры прыходзіў і сыходзіў, і калі не буду займацца тэатрам, займуся чым-небудзь іншым: выйду на вуліцу і буду танчыць.
- Ці хопіць попыту беларускай дыяспары для таго, каб беларускі тэатр працаваў за мяжой?
– Мяне здзівіла, што на «Koniec Półświni» была няпоўная зала, хаця на «Eulenspiegel» усё было занята. Я падумаў, можа, проста лета. Мне здаецца, Дом можа быць запатрабаваны, калі там кожны месяц будуць прэмʼеры ці калі ён з моцным мэнэджмэнтам і піярам будзе вазіць спектаклі па розных краінах.
«Нават тое, як тут ходзяць людзі, паўплывала на мае працы»
- Спектаклі «Eulenspiegel» і «Koniec Półświni» мала таго, што немагчымыя ў сённяшняй Беларусі, але і не былі б магчымыя ў Беларусі да 2020 года. Вы асабіста за мяжой працуеце па-іншаму?
- Так, тут па-іншаму сябе адчуваеш, і ў гэтым развіццё. Ты сустракаеш світанкі ў горадзе, размаўляеш з рознымі людзьмі, выкарыстоўваеш розныя мовы, маеш доступ да мастацтва, якое цяжка было б убачыць у Беларусі. Гэтая атмасфера, нават тое, як тут ходзяць людзі, паўплывала на мае працы. Горад дапамагае дасягаць нейкай свабоды, ты падглядваеш жыццё і думаеш: «Ух ты!», і таксама спрабуеш быць тут і цяпер, а не думаць аб тым, як схавацца, пабыць убаку, паназіраць.
- «Eulenspiegel» адгукаецца на беларускія падзеі. У вас захоўваецца жаданне заставацца ў беларускай тэме?
- Яно выходзіць натуральна. Я, наадварот, хутчэй хаваю гэтую тэму ў сабе і нікому яе не паказваю, але праз тэатр, усталёўку або калаж яна ўсё роўна пралазіць. Мне вельмі не падабаюцца тэмы парадку дня: вось узнікла пратэстнае мастацтва, потым вайна. Вось спектакль паказвае, як у турме бʼюць па галаве... Навошта тады займацца мастацтвам? Я так не ўмею, гэта не мая гісторыя, я шукаю іншы спосаб выказацца. А ў кагосьці такое атрымоўваецца, і гэта супер.
- Дзе вашыя спектаклі можна будзе ўбачыць найбліжэйшым часам?
- У пачатку кастрычніка мой спектакль «Nastia» («Насця»), які я летась паставіў у Teatr Powszechny, паўдзельнічае ў фестывалі Bliski Wschód у Беластоку, а «рЭвалюцыя Зайца» на польскай мове ўвойдзе ў рэпертуар таго ж тэатру. Прадзюсарка «Koniec Półświni» абмяркуе з TR Warszawa магчымасць выконваць яго ў рэпертуары. І я спадзяюся, што гэтая пастаноўка сапраўды будзе жыць: гэта адна з самых цікавых прац, якія адбыліся ў маім жыцці.