Польшча адмаўляецца ад візавых пасярэднікаў
10- 29.09.2023, 20:22
- 18,406

МЗС краіны кажа, што бярэ да ўвагі запатрабаванні беларусаў.
У верасні стала вядома, што польская Генеральная пракуратура яшчэ ў сакавіку пачала расследаванне незаконнай выдачы візаў і арыштавала не менш за сем чалавек, адзін з намеснікаў міністра замежных справаў сышоў у адстаўку, калі яго западозрылі ў датычнасці да махінацый. Апазіцыя заяўляе, што за апошнія два з паловай гады Польшча незаконна выдала 250 тысячаў візаў мігрантам з Азіі і Афрыкі. Улады называюць гэтыя лікі хлуснёй, але пэўныя праблемы прызнаюць – і нават абяцаюць узмацніць кантроль на межах з Чэхіяй і Славакіяй.
На фоне скандалу Міністэрства замежных справаў Польшчы пастанавіла разарваць дамовы з аўтсорсінгавымі кампаніямі, якія прымаюць заявы на выдачу візаў. Адна з такіх кампаній, VFS Global, працуе ў Беларусі. Яна адмаўляе дачыненне да скандалу.
Ці будзе тычыцца агульнае скасаванне дамоваў і VFS Global у Беларусі, а калі будзе, ці не страцяць беларусы магчымасць падаваць заяўкі на польскія візы?
У Міністэрстве замежных справаў Польшчы «Белсату» адказалі: нават у самы складаны час польскія консульскія ўстановы ў Беларусі не спынялі прыём заяваў на выдачу візаў. Грамадзяне Беларусі могуць прэтэндаваць на шэнгенскія візы на агульных умовах, а магчымасці прыёму візавых заяваў у апошні час павялічыліся, падкрэслілі ў міністэрстве.
Пастанова разарваць дамовы ў рамках візавага аўтсорсінгу сапраўды была прынятая, прадаўжае МЗС, але выкананне яе патрабуе часу: дамовы падпісвалі кіраўнікі на месцах з улікам мясцовых умоваў і патрабаванняў, для разрыву кантрактаў патрэбны паглыблены аналіз палажэнняў кантракта і ранейшай рэалізацыі кантракта.
«Акрамя павагі да прынцыпу рацыянальнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, неабходна таксама падтрымліваць эфектыўнасць установаў у візавым працэсе, беручы да ўвагі, напрыклад, падтрымку апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі, грамадзянаў Украіны, а таксама студэнтаў з Турцыі, для якіх Польшча ўважаецца за прывабнае месца навучання, – дадае МЗС. – Такім чынам, працэс адмовы ад згаданага кантракту адбываецца паступова і падоўжаны ў часе».
МЗС адсылае і да сваіх разгорнутых тлумачэнняў пра візавы скандал. З іх вынікае, што скандал не датычыцца выдачы візаў беларусам. МЗС таксама аспрэчвае асобныя заявы, агучаныя падчас скандалу, як пра 250 тысячаў незаконна выдадзеных візаў, а таксама аспрэчвае заяву, што перад амбасадай Польшчы ў адной з краінаў Афрыкі стаяў шапік для продажу афіцыйных праштампаваных дакументаў.
Таксама ў гэтых тлумачэннях МЗС прызнае, што атрымліваў ад бізнэсмэнаў, арганізацый, адукацыйных установаў і простых грамадзянаў просьбы палепшыць працэс падачы заяваў на візы, бо злавіць дату для падачы заявы цяжка ці немагчыма. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, за апошнія два з паловай гады Польшча выдала ў Беларусі 586 тысячаў візаў, з іх 534,5 тысячы – нацыянальныя польскія.
Польская радыёстанцыя RMF FM тым часам заяўляе са спасылкай на ўласныя крыніцы, што МЗС увогуле не будзе скасоўваць дамоваў з візавымі цэнтрамі ў Беларусі, Турцыі і Украіне, каб не ствараць перашкодаў беларусам, украінцам і турэцкім студэнтам.