4 траўня 2024, Субота, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Усё адно здагоняць

34
Усё адно здагоняць
Ірына Халіп

Хоць Гараўскі мог бы ціха сесці ў швайцарскую турму.

Вось цяпер уцякай, Гараўскі. На старт, увага, руш!

Божа, які ж ты дурань. Ты меў шанц — такі раскошны, выдатны, цудоўны, унікальны шанц, які выпадае не кожнаму. Ты мог ціхенька сесці ў швайцарскую турму і правесці там пару гадоў, а то і зусім год. У выдатных варунках: у швайцарскай турме зняволенаму належыць камера дзесяць мэтраў плюс асобны санвузел, тэлевізар, шафа і кніжныя паліцы, ды яшчэ і кампутар, калі пашанцуе. Жыў бы сабе і не тужыў. А потым выйшаў бы — і нібыта з чыстым сумленнем. Адседзеў, выкупіў, вольны. І ні з якога боку не пад'едзеш — ні на крывой казе, ні на самай роўнай.

Толькі і трэба было — не хлусіць, не маніць. Не расказваць у інтэрв'ю «Deutsche Welle», як падаваў з паважным выглядам расстрэльны пісталет Дзмітрыю Паўлічэнку (хто падае пісталет – фактычна нумар два ў эскадроне, ці не так?), а ў судзе – што проста поруч стаяў, а да пісталета не дакранаўся. Прыдумаць загадзя, што казаць, і не адступаць ні ад воднага слова і гуку. Стаяць на сваім, што б ні пытаўся пракурор. І атрымаць сваю «двойку», і з'ехаць у цёплую выгодную швайцарскую турму, дзе ніхто не дастане, бо ахова, краты ды іншыя атрыбуты ізаляцыі. І ў той самы час, калі ў Беларусі зняволеныя шыюць рукавіцы і стаяць гадзінамі на марозе на чарговай пераклічцы, перамыкаць каналы тэлевізара ў пошуках цікавага сэрыяла, жэрці рызота або свежую рыбу і, вядома, планаваць кароткі адпачынак, які даецца зняволеным швайцарскіх турмаў. І ніякага клопату.

А цяпер уцякай, Гараўскі, бо для цябе нічога не скончылася — усё толькі пачынаецца. Праваабаронцы з Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека расказвалі, як іхнія калегі наймалі прыватнага шпега, каб высветліць тваё месца знаходжання і падаць заяву ў пракуратуру «на месцы рэгістрацыі». І калі так лёгка выявілася яго высветліць, няўжо ты думаеш, што іншыя не высветляць? І я, вядома, не маю на ўвазе сваякоў забітых. Ясна, Ірына Красоўская і Зінаіда Ганчар не паляцяць раз'юшанымі эрыніямі ў Швайцарыю помсціць за мужоў. Я зусім не пра іх — я пра тых, з кім ты служыў у тым самым эскадроне і каму магло зусім не спадабацца тое, што ты расказваў пракурору і суддзю. Пагатоў скрозь блытаніну прабіваліся новыя прозвішчы накшталт нейкага палкоўніка Смірнова, які прапаноўваў сачыць за байцамі падраздзялення. Ты вельмі нэрваваўся, Гараўскі, калі ў цябе пыталіся пра Смірнова. Ты казаў, што прасіў не даводзіць да агульнага ведама гэтую інфармацыю. А ці не раззлуецца грамадзянін Смірноў за тое, што ты пра яго расказаў? А таямнічы куратар, які вывез цябе ў Еўропу? А калегі, чые прозвішчы ты назваў, але адцураўся іх, бо сумленны і прыстойны і проста міма ішоў?

Не, усё ж уцякай цяпер, Гараўскі. Бяжы швайцарскімі лугамі з эдэльвейсамі, цешся Альпамі, кідай манетку ў Жэнэўскае возера бегучы. Глядзі, а хто там з пагорка махае рукой? Гэта Юры Захаранка, ваш міліцыйны генерал. Прыгажун, разумнік, служака — рэдкае спалучэнне. Глядзіць з прыжмурваннем, усміхаецца — яму ўжо не балюча, ён дараваў. Ён лепш за іншых ведае, якіх нягоднікаў прымалі на службу ў спецпадраздзяленні, ён не з прэтэнзіямі.

А там, каля возера, хто вогнішча расклаў? А гэта Віктар Ганчар, чалавек-энцыклапедыст, хлопчык-вундэркінд, які ведае аб праве нават тое, чаго не ведаюць укладальнікі падручнікаў для будучых юрыстаў. Лёгкі, дасціпны, справядлівы, ахвочы бараніць цаной уласнага жыцця сумленныя выбары і правасуддзе. Разняволься, Гараўскі, ён цябе ўсё адно не заўважыць. Такіх пад мікраскопам хіба што разглядаць.

Пагатоў да яго на вогнішча ўжо спяшаецца з-за павароткі даўні сябар, Анатоль Красоўскі. Ён быў настаўнікам фізікі і астраноміі. А потым выдаваў кнігі і часопісы. А яшчэ дапамагаў грашыма і дзіцячаму фонду, і Бярэзінскаму запаведніку, і яшчэ шмат якім людзям і арганізацыям, пра якія мы ніколі не даведаемся, бо Красоўскі сваю дабрачыннасць ніколі не рэкламаваў і мецэната не ўдаваў. Ён бачыць цябе — і абыякава праходзіць міма. Ён на цябе забыўся.

Але ты іх памятаеш? Вядома, памятаеш. Так што ўцякай, Гараўскі, да канца сваіх дзён. Ад зданяў, ад былых таварышаў са службы, ад таямнічага палкоўніка Смірнова, ад будучага беларускага правасуддзя — уцякай. Але памятай: хто-кольвек усё адно дагоніць. І лепей, калі гэта будуць прывіды.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках