18 траўня 2025, Нядзеля, 17:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апенькі хоць касой касі: Беларусы выхваляюцца грыбным уловам

6
Апенькі хоць касой касі: Беларусы выхваляюцца грыбным уловам

Грыбны верасень сёлета б'е рэкорды.

Нарэшце грыбнікі Беларусі дачакаліся восеньскіх грыбочкаў-апенек. Ужо дзеляцца фоткамі сваіх збораў і падганяюць іншых да паходу ў лес. «Ганцавiцкі час» паглядзеў, што яшчэ збіраюць у другой палове верасня 2023 года.

Паход у лес, як у кіно пра партызанаў

22 верасня 2023 г. Руслан Цапко паказваў Аляксандру Шаўцову свае грыбныя месцы ў Налібоцкай пушчы.

«Разам 75 літраў, не менш. Я быў проста ў захапленні ад прыгодаў. Гэта было як у кіно пра партызанаў. Мы па грыбы нават поўзалі. Між іншым, недзе побач хадзіў мядзведзь…» – расказаў Аляксандр Шаўцоў у групе грыбнікоў.

Апенькі пруць!

У розных рэгіёнах з'явіліся апенькі.

Міхась Храмцоў хадзіў у лес 23 верасня ў Полацкім раёне.

«Наведаў пень з апенькамі, які пакінуў у чацвер. Як высветлілася, вакол гэтага пня ўжо і ўсе астатнія ў радыусе 20 метраў пакрыліся апенькамі. Увогуле, сабраў ва ўсе ёмістасці, якія ў мяне былі», – расказаў Міхаіл.

Ёсць апенькі і ў рэгіёнах на поўдзень. Паведамляюць, што прачнуліся першыя апенькі ў Менскім раёне ў Мядзельскім кірунку. У Смалявіцкім раёне ўжо шмат.

Аляксей Строцкі паведаміў, што ў Дзяржынскім раёне на Меншчыне апенек «хоць касой касі». 22 верасня паведамлялі, што пайшлі апенькі і ў Гомельскай вобласці.

Сняжана Чуркіна расказала, што Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці апенькі сустракаюцца як у лесе, так і ў старых высечках.

Але не толькі апенькі

Ігар з Менска 22 верасня выбраўся на пару гадзінаў у лес у Стаўбцоўскі раён – Коласава.

«Грыбны верасень сёлета б'е рэкорды ў некаторых мясцовасцях. Падбярозавікі і чырвонагаловікі пруць і адразу вялізнымі сем'ямі. Белыя грыбы заўважаныя таксама, але лакальна і адзіночкай ці парамі – але іх яшчэ трэба пашукаць. Чарвівасць белых дасягае 90%. Заўважаныя першыя восеньскія апенькі ў Стаўбцоўскім раёне. Таксама ве-е-е-ельмі шмат змей – 5 штук за 2 гадзіны бачыў. 27 верасня Узвіжанне – і яны ўжо гуртуюцца да зімы».

Але ў многіх лясах сухавата.

Зміцер Жалабковіч паведамляе 22 верасня з Лагойскага раёна:

«Грыбы вельмі напрацаваныя. Трапляюцца ў асноўным адзінкавыя і нячаста, не стае ім вільгаці. Калі не ленавацца шмат хадзіць, то назбіраць сёе-тое можна».

На Берасцейшчыне вільгаці таксама не вельмі многа. Дзесьці збіраюць чырвонагаловікі. Піша Юры Панасюк:

«Камянецкі раён, пушча, ніводнага белага. Затое з чырвонымі адвёў душу!» – падзяліўся Юры, пасля таго, як набраў вядро чырвонагаловікаў.

Не ўсюды грыбное багацце. На Гарадзеншчыне, гавораць, грыбоў мала. Чакаюць дажджу.

«Гародня. Табольская будка + Бушнева. Лес сухі. Хадзілі ў тры нажы. Трохі лісак. 14 падбярозавікаў, 7 белых, 5 чырвонагаловікаў, 1 польскі. У суботу чакаем дажджоў і ў панядзелак-аўторак павінны пайсці грыбы масава».

Тое самае пішуць з некаторых рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Маша Нікітка паведамляе з Бабруйска Магілёўскай вобласці:

«Пайшлі першыя грыбныя выведнікі па сырых, багністых нізінах. Не скажу, што грыбоў шмат, хутчэй адзінкавыя экземпляры, але пры вельмі вялікім жаданні нешта назбіраць можна. А вось для тых, хто збірае падрашэтнікі ці казлякі, у мяне выдатная навіна – гэтых грыбоў у лесе вельмі шмат! Можна смела нарэзаць кошык на адным месцы».

Рэцэпт: пірог-кіш з белымі грыбамі

Грыбнік Ігар падзяліўся рэцэптам пірага-кіш з грыбамі. Ён выкарыстоўваў свежыя белыя, можна і іншыя.

інгрэдыенты:

– курынае філе – 650 грамаў

– грыбы – 250 грамаў

– цыбуля – 1 шт

– слоенае цеста бездражджавое – 1 корж

– яйкі – 4 шт

– вяршкі 20% – 200 мл

– сыр – 150 г

– соль, перац, суш. часнок – на смак

– алей – для смажання

Папярэдне абсмажце цыбулю і парэзаную грудку з соллю і чорным перцам (можна дадаць заправу для курыцы).

Асобна абсмажце белыя грыбы (ці іншыя).

Сыр можна парэзаць кубікамі ці пацерці на тарку.

У асобнай ёмістасці змяшайце і крыху ўзбіце яйкі і вяршкі.

Падрыхтуйце бляху, абклаўшы раскочаны ліст слоенага бездражджавога цеста, зрабіце праколы на дне цеста відэльцам. На цеста выкладзіце начынне пластамі – спачатку абсмажанае мяса з цыбуляй, белыя грыбы, раўнамерна выліце вяршкі з яйкам на начынне і зверху пасыпце цёртым сырам. Ігар пасыпаў яшчэ кунжутам.

Выпякайце пры 180–200 градусаў 30–35 хвілінаў. Праверце гатоўнасць. Атрымліваецца вельмі смачна. Смачна есці!

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках