Індыйскія апараты на Месяцы не адказваюць на сігналы
17- 27.09.2023, 16:12
- 5,786

Місіі Нью-Дэлі з вялікай доляй імавернасці прыйшоў канец.
Запуск індыйскай місіі Chandrayaan-3 стаў вялікім поспехам. Упершыню ў гісторыі зонд удалося пасадзіць на паўднёвы полюс зямнога спадарожніка. Аднак цяпер даследаванням з вялікай доляй імавернасці прыйшоў канец. Апараты на Месяцы не адказваюць на сігналы.
Як паведаміла выданне BBC, у пачатку верасня пасадачны модуль Vikram і месяцаход Pragyan заснулі. У гэты час на Месяцы пачалася ноч. Абсталяванне не магло атрымліваць сонечную энэргію, неабходную для працы, і ў выніку апараты застылі.
Навукоўцы спадзяваліся, што Vikram і Pragyan зарадзяцца 22 верасня, калі на зямным спадарожніку пачаўся новы дзень. Аднак ажывіць абсталяванне не ўдалося. Апараты не адказалі на сігналы кіравання, і са слоў навукоўцаў, з кожнай гадзінай шанцы на поспех зніжаюцца.
Дадатковыя спробы ўсталяваць кантакт з Vikram і Pragyan у панядзелак таксама не ўвянчаліся поспехам. Але імавернасць, што пасадачны модуль і ровер змогуць перажыць уплыў месячнай стыхіі, заўсёды была невялікай. Паводле інфармацыі The New York Times, тэхналогіі, якія выкарыстоўваліся пры распрацоўцы апаратаў, не былі разлічаныя на начныя тэмпературы на Месяцы. Апошнія, паводле даследаванняў NASA, здольныя дасягаць -167 градусаў па Цэльсіі.