Былы ўкраінска-беларускі футбаліст Арцём Мілеўскі шпіталізаваны
6- 25.09.2023, 16:16
- 22,866

Яго стан цяжкі.
Экс-гулец нацыянальнай каманды Украіны Аляксандр Аліеў распавёў аб стане свайго сябра і былога беларускага футбаліста Арцёма Мілеўскага.
«Дзякуй Богу, яго ўдалося пакласці ў шпіталь. Ён ужо цягам пяці дзён там. Стан, вядома, вельмі цяжкі, але нічога, лекары змагаюцца», - сказаў ён.
Аліеў выказаў падзяку кіеўскаму «Дынама» і прэзідэнту клуба Ігару Суркісу, якія цалкам узялі ўсе выдаткі на сябе.
Што менавіта адбылося з Мілеўскім, дакладна не вядома. Апошнім часам яго прыхільнікі адзначалі, што 38-гадовы Мілеўскі выглядае не найлепшым чынам.
Арцём Мілеўскі нарадзіўся ў Менску, але ў юнацкім узросце пераехаў у Кіеў і заявіў аб жаданні гуляць за Украіну. Ён - чатырохразовы чэмпіён Украіны, удзельнік чэмпіянату свету ў футболе. У канцы кар'еры вярнуўся ў Беларусь, дзе ў складзе берасцейскага «Дынама» перамог у чэмпіянаце і кубку краіны.
Меркавалася, што ў футбаліста вялікі талент, які ён не здолеў рэалізаваць. Ён стаў удзельнікам шматлікіх скандалаў.