У Беларусі ліквідуюць грамадскае аб'яднанне «Дзеці Чарнобыля»
14- 24.09.2023, 19:38
- 10,456

Аб'яднанне дзясяткі гадоў дапамагала пацярпелым ад радыяцыі.
Менскі гарадскі суд 4 кастрычніка разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі камітэт "Дзеці Чарнобыля"», якое дзясяткі гадоў дапамагала пацярпелым ад радыяцыі.
Інфармацыю пра гэта заўважыла Радыё Свабода на партале электроннага судаводства.
ГА «Беларускі камітэт "Дзеці Чарнобыля"» заснаваная ў 1986 годзе пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, нагадвае BPN.
Мэтамі арганізацыі з'яўляюцца абарона фізічнага і псіхічнага здароўя, правоў і інтарэсаў дзяцей Беларусі, супрацоўніцтва з навуковымі, медыцынскімі і грамадскімі арганізацыямі розных краінаў, устойлівае развіццё «чарнобыльскіх рэгіёнаў», медыцынскае абследаванне дзяцей з тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Паводле праграмы «Дзеці Чарнобыля» маладых беларусаў з тэрыторый, якія пацярпелі ад найбольшага радыеактыўнага забруджвання, вывозілі на аздараўленне ў краіны Еўропы.
У чэрвені італьянскае выданне Redattore sociale паведаміла, што цягам трох апошніх гадоў не здзяйсняюцца паездкі беларускіх дзяцей у гэтую краіну на аздараўленне. Спачатку гэтаму перашкаджала пандэмія каранавірусу, а потым – спыненне авіязносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ з прычыны санкцый. Раней дзеці з Беларусі выязджалі ў Італію падчас школьных вакацыяў цягам трыццаці гадоў.
Адзначалася, што сёлета італьянскія ўлады атрымалі дазвол на арганізацыю адпаведных рэйсаў кампаніяй «Белавія», аднак беларускі бок заблакаваў рэалізацыю праекту.
Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца жніўня 2023-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1407 некамерцыйных арганізацый (НКА) – аб'яднанняў, прафзвязаў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцый.