24 траўня 2025, Субота, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бюджэтная форма плюс-мінус у два разы даражэйшая за платную»

27
«Бюджэтная форма плюс-мінус у два разы даражэйшая за платную»

Колькі будуць плаціць выпускнікі ВНУ, якія адмовіліся ад размеркавання.

Калі студэнт адмовіцца ад размеркавання, то суму, якую давядзецца кампенсаваць дзяржаве, будуць вылічваць індывідуальна – у залежнасці ад таго, у якім універсітэце вучыўся выпускнік, на якой форме і на якой спецыяльнасці. Пра гэта БелТА расказаў кіраўнік галоўнай управы прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей Пішчаў.

– У выпадку адмовы ад размеркавання бюджэтная форма навучання ў нас будзе плюс-мінус у два разы даражэйшая, чым платная. Рэч у тым, што дзяржава, бюджэт краіны за кожнага студэнта плаціць больш, чым плаціць платнік. Студэнты на платнай аснове аплачваюць толькі 75% кошту навучання, астатняе аплачвае дзяржава, – расказаў ён.

Кіраўніца галоўнай управы арганізацыйна-кадравай працы і прафесійнай адукацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Вольга Калюпанава прывяла прыклад са сваёй сферы.

– І ў нас была тэндэнцыя, асабліва ў 2020 годзе, калі за кошт кавідных выплатаў сем'і лекараў гасілі кошт навучання – баяліся за дзяцей. Гэта было блізу 30 тысячаў, – заявіла яна. – Але ўрадам была прынятая пастанова пра павелічэнне сумы дзякуючы таму, што вярнулі выплаты за стыпендыю, за матэрыяльна-тэхнічную базу, за мадэрнізацыю ўніверсітэтаў. І на сёння гэтая сума складае ўжо блізу 60 тысячаў. Гэта мінімум, які трэба заплаціць за медыцынскую адукацыю. Калі да 2020 года ў нас магло быць у краіне блізу 130 падобных выпадкаў, то сёння гэта 13. А штогод медадукацыя выпускае блізу дзвюх тысячаў чалавек.

Нагадаем, 21 верасня Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў пытанне размеркавання выпускнікоў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установаў з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом. Тады палітык заявіў, што два гады размеркавання для бюджэтнікаў – занадта маленькі тэрмін, і прапанаваў павялічыць яго да пяці ці сямі гадоў. А таксама, што студэнты, якія плацілі за вучобу, таксама мусяць адпрацаваць.

Сам Іванец нядаўна заявіў, што ў Беларусі адсутнічае платная адукацыя, а тое, што ў нашай краіне называецца такой, з'яўляецца формай сацпадтрымкі моладзі і датуецца дзяржавай. Ён называў іншыя лічбы: паводле ягоных словаў, студэнты, якія паступілі на платнае, пакрываюць не больш за 70% затратаў на сваё навучанне, а паводле шэрагу спецыяльнасцяў – медыцынскіх, творчых – увогуле толькі палову.

– Гэта значыць, сёння дзяржава ажыццяўляе прамую датацыю на ўзроўні 30–50% для навучэнцаў платнай формы навучання, – сказаў міністр.

Раней, 16 лістапада 2022 года, старшыня савета рэспублікі Наталля Качанава заявіла: «Міністэрству адукацыі, ВНУ пастаўленая задача – размяркоўваць не толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове, а размяркоўваць усіх». Тады ў Мінадукацыі паведамілі, што на гэты момант у Кодэксе аб адукацыі абавязковае размеркаванне для платнікаў не прадугледжанае, а на пытанне, ці плануецца нешта падобнае, адказалі, што «пакуль даручэнняў не было».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках