Пашынян абвінаваціў Расею ў замаху на незалежнасць Арменіі
30- 24.09.2023, 18:07
- 27,252

Ён таксама заявіў пра неэфектыўнасць АДКБ і «сур'ёзныя пытанні» да расейскіх міратворцаў.
"Некаторыя хаўруснікі" Арменіі спрабуюць даказаць, што яна не можа быць незалежнай дзяржавай, адзначыў прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян у звароце да нацыі паводле вынікаў падзей у Нагорным Карабаху. Ён заявіў пра неэфектыўнасць АДКБ і "сур'ёзныя пытанні" да расейскіх міратворцаў.
"Аналіз падзей паказвае, што сістэмы бяспекі і хаўруснікі, на якіх мы спадзяваліся цягам многіх гадоў, паставілі перад сабой задачу выставіць на паказ нашу ўразлівасць і абгрунтаваць немагчымасць армянскага народа мець незалежную дзяржаву", – адзначыў Пашынян.
Паводле ягоных словаў, цяпер гэтыя хаўруснікі "ставяць пад удар не толькі знешнюю, але і ўнутраную бяспеку і стабільнасць Арменіі, парушаючы пры гэтым дыпламатычную, міждзяржаўную этыку стасункаў, усе нормы карэктнасці і ўзятыя дамовамі абавязальніцтвы".
Пашынян абвінаваціў Расею ва ўтоеных матывах з улікам падзей у Карабаху, якія адбыліся за апошні год. "Праявы тэрору армянскага насельніцтва Нагорнага Карабаха, незаконнае блакаванне Лачынскага калідора, ажыццёўлены 19 верасня напад Азербайджана выклікае сур'ёзныя пытанні пра мэты і матывы міратворчага кантынгенту Расейскай Федэрацыі ў Нагорным Карабаху", – адзначыў ён.
Пашынян падкрэсліў, што ўсё гэта адбываецца нягледзячы на тое, што "Арменія ніколі не здраджвала сваім хаўруснікам". Ён заклікаў партнёраў паважаць "дзяржаўнасць і суверэнітэт" краіны, а таксама звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай "выказаць непахісную падтрымку" яе тэрытарыяльнай цэласнасці, незалежнасці і дэмакратыі.
Раней кіраўнік апарату прэм'ера Араік Аруцюнян абвінаваціў расейскія дзяржСМІ ў гібрыднай вайне супраць Арменіі. Ён назваў "абсалютнай дэзынфармацыяй" заяву прапагандыста Георга Хачатурана ў эфіры НТВ, што армянскія дэманстранты, якія прарваліся ў будынак ураду 20 верасня, натыкнуліся там на дэсантнікаў ЗША.
"Падобна, у гібрыднай вайне, развязанай у расейскіх СМІ супраць Арменіі, абяцалі, як у вядомай казцы: хто больш хлусіць, атрымае палову палаца/Крамля. У той дзень у будынак урадe не пракраўся ні адзін дэманстрант, больш за тое, амерыканцаў там не было", – напісаў Аруцюнян.
Пратэсты ў Ерэване пачаліся 19 верасня пасля таго, як Азербайджан абвесціў пра пачатак ваеннай аперацыі ў Карабаху, а Пашынян адмовіўся пасылаць у рэгіён войска краіны. Мітынгоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду на чале з прэм'ерам.
Расейскія міратворцы ніяк не перашкаджалі дзеянням Азербайджана, нягледзячы на тое, што прадухіленне ваенных канфліктаў з'яўляецца іх простым абавязкам. У Крамлі ў адказ на папрокі ў бяздзейнасці заявілі, што Азербайджан дэ-юрэ вёў аперацыю на сваёй тэрыторыі. А прадстаўніца МЗС Марыя Захарава ўзгадала апошнія дзеянні кіраўніцтва Арменіі, якія нібыта "стварылі спрыяльную глебу для варожай палітыкі Захаду" ў дачыненні да Расеі.