Рада бяспекі Арменіі паведаміла пра хуткую сустрэчу Аліева і Пашыняна
2- 24.09.2023, 17:29
- 3,760

Яны сустрэнуцца ў Гранадзе на саміце Рады ЕЗ.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян сустрэнуцца на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які пройдзе 5 кастрычніка ў гішпанскім горадзе Гранада. Пра гэта паведаміла Рада бяспекі Арменіі на сваёй старонцы ў Facebook.
«З [памочнікам Аліева Хікметам] Гаджыевым рыхтуемся да сустрэчы лідараў, запланаванай на 5 кастрычніка ў Гранадзе», – гаворыцца ў паведамленні Рады бяспекі.
Пра тое, што ў пачатку кастрычніка ў Гішпаніі пройдзе чарговы саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці, заявіў старшыня ўраду каралеўства Педра Санчэс. Да Гішпаніі з 1 ліпеня на паўгода перайшло старшынство ў гэтай структуры, якая была створаная летась з ініцыятывы прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Яна прызначаная для палітычнай каардынацыі дзеянняў.
19 верасня Азербайджан правёў аднадзённую «ваенную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, войскі нанеслі ўдары па пазіцыях непрызнанай рэспублікі. Баку патрабаваў расфармаваць урад рэгіёну і вывесці армянскія войскі. Арменія адмаўляла прысутнасць свайго войска ў рэгіёне. Праз дзень пасля пачатку аперацыі ўлады Нагорнага Карабаха пагадзіліся на спыненне агню.
За два дні да пачатку азербайджанскай аперацыі, 17 верасня, Пашынян заявіў, што мірнае пагадненне з Баку не будзе падпісанае на пяцібаковай сустрэчы ў Гранадзе. «Калі б было прадугледжанае падпісанне дакумента, гэта азначала б, што мы мяркуем, што гэты дакумент адпавядае збалансаванай цікавасці Арменіі і мы гатовыя яго падпісаць», – адзначыў прэм'ер-міністр. Аднак ён удакладніў, што верагоднасць заключэння міру паміж дзвюма краінамі да канца 2023 года існуе.
23 верасня Аліеў заявіў, што для дзвюх краінаў цяпер склаліся «больш спрыяльныя магчымасці» для заключэння мірнай дамовы. Паводле ягоных словаў, улады Азербайджана стварылі працоўную групу для развязання сацыяльных, гуманітарных, эканамічных і інфраструктурных пытанняў у Нагорным Карабаху. Ён таксама праінфармаваў Еўразвяз пра перамовы з уладамі рэгіёну аб рэінтэграцыі.