Хто заменіць Кадырава на «троне»: у Расеі назвалі важны нюанс
- 24.09.2023, 14:27
- 10,950

«Рэгента» не будзе.
Старэйшы сын кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава 17-гадовы Ахмат цяпер вылучаецца ва ўладу ў Расеі. Аднак ён наўрад ці зможа ўзначаліць рэспубліку пасля смерці бацькі, калі гэта адбудзецца найбліжэйшым часам.
Галоўная праблема - яго ўзрост. Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю obozrevatel.com выказаў расейскі апазіцыйны палітык і журналіст Ігар Якавенка.
Паводле яго ацэнак, сёння ёсць два найбольш магчымыя прэтэндэнты на пасаду кіраўніка Чачэніі. Гэта дэпутат дзярждумы Адам Дэлімханаў і спікер чачэнскага парламента Магамет Даудаў.
«Што да старэйшага сына Кадырава Ахмата, то ўсё ж яму толькі 17 гадоў. Чакаць 13 гадоў... Так, быў момант, калі пасля смерці бацькі Рамзан Кадыраў не дасягнуў таго ўзросту, калі можна было станавіцца кіраўніком рэспублікі. Фактычна пры ім быў прызначаны рэгент. Але ў гэтым выпадку разрыў вельмі вялікі», - заўважыў ён.
Нагадаем, на момант смерці бацькі ў 2004 годзе Рамзану Кадыраву было 28 гадоў, у той час як мінімальны ўзрост, устаноўлены для кандыдата на пасаду кіраўніка рэспублікі, складаў 30 гадоў. Нягледзячы на гэтае абмежаванне, Кадыраў заняў першую пасаду ў Чачэніі ў 2005 годзе ва ўзросце 29 гадоў.
«Хоць, думаю, вылучэнне Кадырава-малодшага таксама адбудзецца. Уласна, яно ўжо адбываецца. Але падкрэслю: кожны, хто прыйдзе на месца Кадырава, будзе прысягаць на вернасць Пуціну, так што ніякіх узрушэнняў для Пуціна, вядома, не будзе», - падсумаваў апазіцыянер.