Муж і жонка з Бабруйска варылі мефедрон недалёка ад Масквы
9- 24.09.2023, 12:01
- 6,678

Паліцыя канфіскавала кілаграмы гатовага рэчыва.
Ва Уладзімірскай вобласці Расеі затрымалі мужа і жонку з Бабруйска. Яны варылі на лецішчы наркотык мефедрон, паведамляе тэлеграм-канал SHOT. Паліцыя канфіскавала кілаграмы гатовага рэчыва.
Наркалабараторыю накрылі ў садовым таварыстве Аляксандраўскага раёна - гэта прыкладна за 100 кіламетраў ад Масквы. Там у некалькіх адрынах захоўваліся амаль 200 каністраў з рэактывамі для вырабу мефедрону.
«Высветлілася, што ва ўсе цяжкія пусціліся 38-гадовы Алег Ш. і ягоная жонка Крысціна. Абодва яны прапісаныя ў Бабруйску», - піша SHOT.
З надзелу паліцыянты вывезлі тры кантэйнеры з гатовымі наркотыкамі. Разам канфіскавана амаль 18 кілаграмаў мефедрона.
Пакуль у дачыненні да сужэнцаў склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкула «Спажыванне наркатычных рэчываў, учыненае замежным грамадзянінам». Разглядаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы аб вытворчасці і збыце наркотыкаў.
