УСУ цалкам разбілі брыгаду марскіх пяхотнікаў Чарнаморскага флоту РФ падчас прарыву на Поўдні
4- 24.09.2023, 8:09
- 24,638

Элітнае злучэнне акупантаў знішчанае.
Два дні таму ў выніку ўдару ўкраінскіх войскаў па штабе Чарнаморскага флоту Расеі ў Севастопалі быў знішчаны гэты будынак, ліквідаваныя і параненыя шмат высокапастаўленых прадстаўнікоў расейскага камандавання. Аднак гэтая «бавоўна» у часова акупаваным Крыме стаў не адзінай паразай элементаў менавіта ЧФ РФ.
Падчас контрнаступлення на захадзе Запарожскай вобласці Сілы абароны Украіны знішчылі адно з яго фармаванняў - 810-ю асобную брыгаду марской пяхоты. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі спасылаюцца на інфармацыю начальніка Галоўнай управы выведкі (ГУР) Мінабароны Украіны генерал-лейтэнанта Кірыл Буданава. У інтэрв'ю The War Zone, апублікаваным 22 верасня, ён заявіў, што 810-я брыгада расейскіх марскіх пяхотнікаў была «цалкам разбітая» на поўдні Украіны, яе рэшткі адышлі, а на фронце іх замянілі расейскія дэсантныя часткі.
На думку спецыялістаў, апісанне статусу 810-й брыгады, пададзенае Буданавым, найбольш адпавядае дактрынальнаму вызначэнню тактычнай місіі войска ЗША «знішчыць»: «фізічна зрабіць варожыя сілы небаяздольнымі датуль, пакуль яны не будуць адноўленыя».
Адзначаецца, што падраздзяленні 810-й брыгады дзейнічалі на Запарожскім кірунку з сакавіка 2023 года, а з чэрвеня - на захадзе вобласці, дзе працягваецца ўкраінскае контрнаступленне.

Яшчэ ў кастрычніку 2022 года 810-ю брыгаду ЧФ РФ назіралі ў Херсонскай вобласці, дзе яна, магчыма, аднаўлялася ў тыле ў прамежкавы перыяд перад тым, як заняць пазіцыі на Запарожжы.
«810-я брыгада неаднаразова несла значныя страты, украінскія войскі раней знішчалі падраздзяленне, пасля чаго расейскія вайскоўцы яго аднаўлялі», – адзначылі ў ISW.
Аналітыкі нагадалі, як 19 красавіка 2022 г. Генштаб УСУ паведамляў, што 158 акупантаў з 810-й брыгады загінулі, амаль 500 атрымалі раненні. 31 ліпеня 2022-га намеснік начальніка ГУР генерал-маёр Вадзім Скібіцкі заявіў, што 200 захопнікаў з гэтай брыгады адмовіліся вяртацца на вайну ва Украіну. У тым жа годзе 12 верасня Генштаб УСУ інфармаваў, што 810-я брыгада ЧФ РФ страціла больш за 85% свайго асабовага складу на Херсонскім кірунку і што многія зноў адмовіліся вяртацца ў бой.
Нагадаем, 23 верасня Буданаў паведаміў, што ў выніку ўкраінскага ўдару па штабе ЧФ РФ раненне атрымаў камандуючы акупацыйнымі сіламі на Запарожскім кірунку. Гаворка ідзе пра генерал-палкоўніка расейскага войска Аляксандра Раманчука, які знаходзіцца ў «вельмі цяжкім стане». Кампанію яму склаў камандзір 200-й асобнай мотастралковай брыгады (Паўночны флот РФ) генерал-лейтэнант Алег Цэкаў - ён «без прытомнасці».

Са слоў Буданава, у выніку той магутнай «бавоўны» загінулі сама меней дзевяць і атрымалі раненні 16 вайскоўцаў УС РФ.
Выданне «Голас Амерыкі», якое размаўляла з начальнікам ГУР, дадало, што ведамства не валодае інфармацыяй аб нібыта гібелі камандуючага ЧФ РФ адмірала Віктара Сакалова.