ШІ навучыўся разумець мову курыц
12- 23.09.2023, 18:58
- 8,646

На чарзе іншыя жывёлы.
Навукоўцы з Такійскага ўніверсітэта навучыліся з дакладнасцю 80% распазнаваць эмоцыі курэй дзякуючы штучнаму інтэлекту, што дапаможа фермерам разумець, у якім стане знаходзяцца яго гадаванцы. Пра гэта піша NY Post.
Спецыялісты сцвярджаюць, што, выкарыстоўваючы тэхналогію аналізу гукаў курыцы, яны могуць расшыфраваць шэсць розных эмацыйных станаў, у тым ліку голад, страх, гнеў, задавальненне, хваляванне і стрэс. Даследаванне, якое пацвярджае канцэпцыю, ужо апублікавана ў Research Square і больш падрабязна апісвае высновы каманды.
«Гэта вялізны скок для навукі! – сказаў прафесар Адрыян Чэак. – І гэта толькі пачатак. Мы спадзяемся, што зможам адаптаваць гэтыя метады штучнага інтэлекту і машыннага навучання да іншых жывёл і закласці аснову для неверагоднага інтэлекту ў розных галінах, звязаных з жывёламі. Калі мы будзем ведаць, што адчуваюць жывёлы, мы зможам стварыць для іх значна лепшы свет».
Чэак і ягоная каманда супрацоўнічалі з групай з васьмі заапсіхолагаў і ветэрынарных хірургаў, якія падзяліліся сваімі поглядамі на эмацыйны стан курэй. Разам яны прааналізавалі выбарку з 80 птушак і амаль 200 гукаў. Навукоўцы «скармілі» ШІ 100 гадзін запісаў птушак і пазначылі кожны гук эмацыйным станам. Затым яны загрузілі ў нейрасетку пакінутыя 100 гадзін гукавых файлаў і штучны інтэлект змог з дакладнасцю 80% вызначыць эмацыйную афарбоўку кожнага з іх, засноўваючыся на папярэдніх прыкладах.
«Гэта даследаванне не толькі адкрывае новыя магчымасці для разумення і паляпшэння дабрабыту жывёл, але і стварае прэцэдэнт для далейшых даследаванняў у галіне міжвідавой камунікацыі, кіраванай штучным інтэлектам», – заявілі каманда.
Навукоўцы кажуць, што куры – «вельмі сацыяльныя жывёлы». Прафесар Чэак і ягоная каманда плануюць стварыць бясплатны дадатак, каб фермеры маглі выкарыстоўваць гэтую тэхналогію для аналізу стану сваіх падапечных.