У цэнтры Менска прадаецца незвычайная кватэра ў сталінцы: Кошт уражвае
13- 22.09.2023, 20:06
- 11,338

Яна двухпавярховая і з тэрасай.
Хочаце паглядзець на чарговы цікавы аб'ект нерухомасці? Тады лавіце: у цэнтры Менска, побач з паркам Горкага, прадаецца двухпавярховая кватэра ў сталінцы (высокія столі, натуральна, прыкладаюцца, а разам з імі нават выхад на тэрасу), піша «Анлайнер».
Асаблівасць гэтага дома ў тым, што там размяшчаецца ўсяго 4 кватэры. Так што перажываць наконт забітай паркоўкі і няспыннага шуму, хутчэй за ўсё, не давядзецца.

Аб'ект нерухомасці займае 156 «квадратаў». На першым паверсе знаходзіцца прасторная гасцёўня – амаль 42 кв. м – у некага ўся жылплошча такіх памераў! Яшчэ тут ёсць кухня (здаецца, нават з выхадам на тэрасу), гасцявы пакой, кабінет і гасцявы санвузел.

На мансардным паверсе знаходзіцца гаспадарская спальня, дзіцячы пакой, яшчэ адзін санвузел, убудаваныя шафы і падсобка.

На запэўненні ўласнікаў, у кватэры зроблены дызайнерскі рамонт у неакласічным стылі (малдынгі і люстры намякаюць). У аздабленні выкарыстоўваліся натуральныя матэрыялы, напрыклад, на падлозе выкладзены масіў дубу, а ўся ўбудаваная мэбля на першым паверсе – з масіву ясеню. У санвузлах – мармур і плітка, на 1-м паверсе – чыгунная ванная. Яшчэ з фішак – у гасцёўні ўсталяваны біякамін, упрыгожаны пліткай ручной працы.

Жыллё абсталяванае сістэмай «разумны дом»: з дапамогай смартфона можна кіраваць фіранкамі, выключальнікамі, датчыкамі працёку вады і святла. Яшчэ ў кватэры ёсць прытокава-выцяжная вентыляцыя, кандыцыянеры, сістэма відэаназірання і нават уласны газавы кацёл.
А цяпер да галоўнага: што з коштам? Каб стаць уладальнікам такой кватэры, давядзецца сур'ёзна выдаткаваць, бо каштуе яна $680 000 паводле курсу.