«Такі закон — стрэл у нагу»
6- 22.09.2023, 19:20
- 10,938

Што думаюць студэнты і бацькі аб новай ініцыятыве ўлад што да размеркавання.
21 верасня на нарадзе аб адукацыі Лукашэнка прапанаваў пашырыць практыку размеркавання студэнтаў. На ягоную думку, адпрацоўваць павінны і “платнікі”, а тэрміны размеркавання “бюджэтнікаў” трэба павялічыць з двух гадоў да пяці. Zerkalo.io спытала ў студэнтаў ды іхніх бацькоў, што яны думаюць аб такой перспектыве.
Анатоль, 47 гадоў, Менск
- Мая дачка — медалістка. Год таму паступіла ў БДУІР. Знарок на платнае аддзяленне, каб не патрапіць на адпрацоўку. Мяркую, за навучанне мы і так плацім спаўна — прыкладна 1700 даляраў штогод. Гэта шмат, улічваючы ўзровень заробкаў у краіне. Планы ўвесці размеркаванне для “платнікаў” уважаю за неабгрунтаваныя. Яшчэ адзін спосаб выціснуць грошы з людзей. Але дачка не хвалюецца. Кажа: чаго бедаваць, папрацую — будзе хоць нейкі досвед.
Я даў бы “платнікам” права выбару. Калі хочуць размяркоўвацца — напрамілы Бог. Ёсць такія спецыяльнасці, на якіх працу знайсці складана.
Пры гэтым адпрацоўку пасля бюджэтнага аддзялення ўважаю за справядлівую. Тамака рыхтуюць людзей для патрэб дзяржавы. Я і сам у свой час адпрацаваў паводле размеркавання пасля навучання, і мне спадабалася. Праўда, заробак быў такі маленькі, што праз год пайшоў у іншае месца.
Павел, 20 гадоў, Берасце
- Я разумею логіку размеркавання “бюджэтнікаў” — кампенсаваць дзяржаве грошы, якія яна на цябе выдаткавала. Нібыта выдаткавала. Бо грошы на адукацыю выдаюцца з бюджэту, а бюджэт фармуецца з падаткаў. Я не разумею, якім будзе механізм уздзеяння на выпускнікоў платных аддзяленняў, якія пажадаюць «саскочыць» з адпрацоўкі.
Я размаўляў з хлопцамі, якія скончылі акадэмію МУС. Яны выхваляліся: "За мяне бацькі не плацілі, адрозна ад вас – “платнікаў". Я гляджу на яго і думаю: твае бацькі так або інакш заплацілі сваімі падаткамі.
Аляксандр, 45 гадоў, Менск
- З'яўляюся бацькам абітурыента, які вельмі добра вучыўся і які зразумеў, што ў Беларусі няма куды развівацца.
Цікаўлюся палітыкай, таму, шчыра кажучы, ужо даўно чакаў навін аб адпрацоўцы пасля ВНУ. Усё да гэтага ішло, бо ідзе адток кваліфікаваных кадраў ужо некалькі год. Дзяржаве патрэбныя рабы. Таму мы зарання рыхтаваліся паступаць за мяжу, вучылі мовы. Нарэшце сын паступіў у Варшаўскую палітэхніку і з'ехаў. Вяртацца пры гэтай уладзе не будзе.
Думаю, будзе яшчэ шмат сюрпрызаў наконт войска і маёмасці беларусаў. Будучыняй дзяцей рызыкаваць не хочацца.
Таццяна, 21 год, Магілёў
- Вучуся на “бюджэце” ў адной з ВНУ Магілёва. Калі ўвядуць абавязковую адпрацоўку на пяць гадоў, бачу для сябе два варыянты. Ці давучваюся да выпускнога курса, пішу дыплом, але не абараняю яго — без дыплома адпрацоўваць не адправяць, але веды застануцца. Або атрымліваю дыплом, адпрацоўваю год-два дзеля досведу, збіраю рэчы і назаўжды пакідаю краіну.
Наогул такі закон — гэта стрэл сабе ў нагу. Бо шмат якія абітурыенты (самыя лепшыя) будуць проста выбіраць для паступлення ўніверсітэты ЕЗ і Расеі.