29 траўня 2025, Чацвер, 11:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт: У Беларусі ўводзяць прыгон для студэнтаў

32
Эксперт: У Беларусі ўводзяць прыгон для студэнтаў

Лукашысты сутыкнуцца з сур'ёзнымі наступствамі.

Улады прыдумалі, як запоўніць вакансіі ў рэгіёнах, і за адным скрыпам, як яны думаюць, утрымаць працоўную моладзь у краіне. Дзеля гэтага яны падумваюць увесці размеркаванне для студэнтаў-“платнікаў” і павялічыць адпрацоўку для “бюджэтнікаў”. Вось толькі эфект ад магчымай змены можа стацца якраз адваротны. Пра гэта Zerkalo.io паразмаўляла з эканамістам, акадэмічным дырэктарам BEROC Львом Львоўскім.

«Уводзяць прыгон для студэнтаў»

- У доўгатэрміновай перспектыве гэта яшчэ больш пагоршыць дэмаграфічную сітуацыю, — кажа эканаміст Леў Львоўскі. — Раней, калі ты з'язджаў за мяжу, то потым мог вярнуцца. Цяпер дзяржава робіць усё, каб, па-першае, людзі мелі больш матывацыі з'язджаць, па-другое, не мелі магчымасці вярнуцца.

Сярод сведчанняў такой палітыкі эксперт называе нядаўняе скасаванне адтэрміноўкі ад войска для тых, хто вучыцца ў замежных ВНУ. А таксама абмежаванне ў пэўных правах беларусаў, якія жывуць за мяжой. Да гэтага можна дадаць пагаршэнне якасці адукацыі ў беларускіх ВНУ праз звальненне "нелаяльных" выкладчыкаў і кіраўнікоў, разрыву стасункаў з універсітэтамі іншых краін.

- Гэта значыць, прапанова ўнутры краіны пагаршаецца, а людзям фактычна кажуць, што калі яны з'язджаюць, то ў адзін канец. Значыць, адток чалавечага капіталу будзе расці, — разважае эканаміст.

Паводле ягоных слоў, палітыка стаўлення да людзей як да сваёй уласнасці становіцца прычынай вымывання кадраў з краіны з усімі наступствамі.

Эфектыўнасць прымусовай працы будзе нізкай

Галоўная прычына, з якой увогуле ўзнікла пытанне ўтрыманне маладых работнікаў там, дзе гэта патрэбна чыноўнікам, на думку эксперта, у тым, што дзяржава не можа стварыць варункі для таго, каб людзі самі хацелі ісці працаваць у тыя прафесіі ды рэгіёны, дзе адчуваецца дэфіцыт кадраў. У выніку застаецца толькі прымушаць людзей рабіць гэта.

- Такую палітыку можна параўноўваць з прыгонам або рабствам (вядомая рэч, у гэтым выпадку варункі не такія дрэнныя, як былі ў рабстве, але і часы ўжо не тыя) — стаўленне да людзей менавіта такое, быццам мы не грамадзяне Беларусі, а асабістыя прыгонныя Лукашэнкі і Міністэрства адукацыі, — кажа эканаміст Леў Львоўскі.

Пастанова Мінадукацыі будзе мець выяўныя эканамічныя наступствы, мяркуе ён. Па-першае, людзі, якія працуюць прымусова, як паказвае досвед рабскай працы, а пазней прыкладу прымусовай працы ў СССР, выяўляюцца або мала- або зусім неэфектыўнымі.

— Тут няма нічога новага — мы бачылі гэта ў Савецкім Саюзе, дзе дзяржаве "было лепш відаць", каму і дзе трэба працаваць. Там жа мы бачылі выпадкі відавочнага несупадзення талентаў чалавека з месцам працы: пачынаючы ад рок-музыкаў, якія працавалі дворнікамі або на складзе і заканчваючы паэтамі, нобэлеўскімі лаўрэатамі, якія лічыліся дармаедамі і адбывалі тэрміны (у першым выпадку прыкладам можа быць Віктар Цой, у другім — Іосіф Бродскі (заўвага рэдакцыі). Было шмат таленавітых інжынераў, якія займаліся не тым і не там, бо тым і там займаліся тыя, каго вызначала дзяржава, — разважае Леў Львоўскі.

Ці справядлівая заява, што беларусы недаплачваюць за сваё навучанне?

Лукашэнка на той жа нарадзе заявіў, што вышэйшая адукацыя каштуе даражэй, чым за яе плацяць студэнты. "Сёння ў нас “платнік” кампенсуе не больш, чым 50-70% вартасці свайго навучання", – паўтараў яму міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Журналісты спыталі эканаміста, ці справядлівыя такія заявы. Са слоў Льва Львоўскага, не зусім ясна, чаму дзяржава ў такім выпадку не прапануе “платнікам” уносіць тую самую «поўную цану навучання».

— Да таго ж калі абвяшчаецца, што маем сацыяльную дзяржаву з бясплатнай адукацыяй, то ў гэтым выпадку бясплатная — значыць, без аплаты. І абавязковая адпрацоўка нават для “бюджэтнікаў” у гэтай сітуацыі выглядае, мякка кажучы, дзіўна. Адна рэч прапаноўваць людзям опцыю размеркавацца, калі яны жадаюць, іншае — прымушаць. [У другім выпадку] гэта значыць, што ў нас адукацыя платная для ўсіх, проста “бюджэтнікі” плацілі сваім часам і сваімі паменшанымі заробкамі падчас размеркавання, — кажа Леў Львоўскі.

— Я не ведаю бухгалтэрыю універсітэтаў у Беларусі, ці ідзе там субсідаванне і ці сапраўды “платнікі” недаплачваюць. Але калі яны гэтага не робяць, прапануйце ім даплачваць, павялічце цану, — кажа далей эканаміст. — Наогул гэта практыка таталітарных краін — меркаваць, што дзяржава лепш ведае, як людзям жыць, з кім ажаніцца, якую прафесію набываць, дзе працаваць, як думаць і якога колеру насіць майткі. У гэтым плане мы ідзём у абсалютным кірунку таталітарных дзяржаў. Але, як мы ведаем, няма прыкладаў таталітарных дзяржаў, дзе людзі шчаслівыя, багатыя і радыя.

Леў Львоўскі мяркуе, што такімі пастановамі чыноўнікі і персанальна Лукашэнка настройваюць людзей супраць дзяржавы.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках