«Дэталі»: У Беларусі затрыманы ізраільцянін
- 22.09.2023, 17:47
- 10,700

Цяпер мужчыну спрабуе дапамагчы МЗС Ізраіля.
39-гадовы жыхар Тэль-Авіва Аляксей Таргоўнікаў быў затрыманы на літоўска-беларускай мяжы пасля таго, як у ягоных асабістых рэчах была знойдзеная невялікая колькасць канапель. Інцыдэнт адбыўся 18 верасня, піша сайт "Дэталі".
Са слоў Яўгена Таргоўнікава, старэйшага брата затрыманага, утрох разам з братам-блізнюком Аляксея Ігарам яны накіроўваліся на аўтобусе з Вільні ў Гомель.
Усё адбылося ў момант, калі яны пераходзілі мяжу на памежным пункце, каб патрапіць у Беларусь, дзе жыве іхні бацька. На літоўскім баку ўсё было гладка. На беларускім баку Яўген і Ігар таксама прайшлі ўсе праверкі без праблем. Але ў рэчах Аляксея службовы сабака ўнюхаў траўку, якая ляжала ў яго ў партабачніцы разам з тытунём — толькі 0,49 грама, і яго затрымалі.
Як сцвярджае Яўген, гаворка ідзе аб медыцынскай марыхуане, рэшткі якой ягоны брат выпадкова забыўся ў партабачніцы: у Ізраілі ўжыванне канабіса дэкрыміналізаванае, а таксама дапускаецца ў медычных мэтах.
Цяпер мужчыну спрабуе дапамагчы МЗС Ізраіля, паведамляе ізраільская тэлерадыёкарпарацыя Kan.