Украінская выведка расказала пра стан здароўя Кадырава
- 22.09.2023, 17:21
- 14,366

Кіраўнік Чачэніі ўсё яшчэ жывы.
Чуткі аб смерці кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава афіцыйна дагэтуль не пацвярджаюцца, але стан ягонага здароўя сапраўды цяжкі. Пра гэта распавёў прадстаўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў, піша «Телеграф».
«Як і Пуцін пакуль не памёр, Кадыраў - таксама. Ягоны стан здароўя цяжкі, але ён усё яшчэ жывы», – адзначыў Юсаў.
Раней у ГУР пацвярджалі, што Кадыраву зрабілі шэраг няўдалых медыцынскіх умяшанняў. Пры гэтым апошняя аперацыя была беспаспяховай (з папярэдніх дадзеных вядома, што ў прыхільніка Пуціна могуць быць праблемы з ныркай).
У той жа час у Галоўнай управе выведкі звярталі ўвагу, што значная частка тых відэа з Кадыравым, якія зараз распаўсюджваюцца ў сеціве, напраўду з'яўляюцца альбо нясвежымі, альбо пастановачнымі.
«Калі чалавек добра сябе адчувае, то няцяжка змясціць нармальнае інфарматыўнае, актуальнае відэа, якое зняло б усе пытанні. Але яны гэтага не могуць зняць, таму што праблемы існуюць», – раней пракаментаваў Юсаў «24 каналу» апублікаваныя ў Сеціве відэа з Кадыравым.