Уступленне Украіны ў ЕЗ: Еўракамісія рыхтуецца да важнага кроку
3- 22.09.2023, 15:45
- 5,004

Падрабязнасці.
У наступным месяцы Еўрапейская камісія, выканаўчы орган Еўрапейскага звязу, магчыма, рэкамендуе пачаць сур'ёзныя перамовы аб шматгадовым працэсе ўступлення Украіны ў блок. У той жа час ЕК, як мяркуецца, запатрабуе прагрэсу ў некаторых прыярытэтных сферах, у тым ліку барацьбе з карупцыяй, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Крыніцы Bloomberg перакананыя, што адмова ад выдачы такой рэкамендацыі была б для ЕК прыкметай палітычнай неплатаздольнасці, улічваючы ўмовы, у якіх зараз жыве Украіна.
Пасля таго, як камісія падасць сваю рэкамендацыю, лідары ЕЗ павінныя будуць яе ўзгадніць. Гэта хутчэй за ўсё адбудзецца на саміце ў снежні. Крыніцы кажуць, што пазіцыя ў гэтым пытанні некалькіх краін блока, напрыклад Вугоршчыны, не з'яўляецца прадказальнай.
У выпадку ўхвалення рэкамендацыі Украіна пяройдзе да працяглай працэдуры заканчэння рэформ і прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з заканадаўствам ЕЗ. Гэта будзе ўключаць рэформы ў больш як 30 галінах, у тым ліку вяршэнства права і эканоміку.
Ніякіх спосабаў паскарэння гэтай працэдуры няма. Звычайна гэты працэс доўжыцца больш за 10 гадоў (прынамсі, так здарылася з Харватыяй, апошняй краінай, якая далучылася да блока ў 2013 годзе).
Выданне адзначае, што пачатак перамоў аб сяброўстве ўмацуе пазіцыю прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зялонскага на фоне контрнаступу супраць Расеі.