Надвор'е парадуе беларусаў міжземнаморскім кліматам
1- 22.09.2023, 10:09
- 4,028

Калі і дзе.
Сіноптыкі папярэдзілі, што да канца верасня беларусаў чакае як мінімум яшчэ адна трапічная ноч: у асобных раёнах краіны слупкі тэрмометраў пакажуць не менш за +20ºC. Калі і дзе надвор'е парадуе беларусаў міжземнаморскім кліматам?
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Надвор’е», першая хваля анамальнага цяпла ўжо накрыла Беларусь. Глабальная лічбавая мадэль прагнозу ECMWF зафіксавала адхіленне тэмпературы ад кліматычнай нормы ў чацвер, 21 верасня, на 4-6С°, у пятніцу і суботу, 22 і 23 верасня, яно будзе яшчэ істотнейшым – у 8-10С°. Канадская прагнастычная мадэль CMC і зусім гаворыць аб тым, што ў заходніх рэгіёнах Беларусі ў гэтыя дні будзе на 10-12С° цяплей ад звычайнага.



Анамальна спякотнай, зыходзячы з прагнозаў, будзе ноч з пятніцы на суботу, 23 верасня.
«Па захадзе Беларусі месцамі можа быць нават трапічная. І гэта ў канцы верасня», - адзначылі аўтары тэлеграм-канала. Не менш за +20ºC, мяркуючы з карты, будзе ў такіх беларускіх гарадах, як Берасце, Бяроза, Ваўкавыск.

Агульнапрызнанага і адназначнага вызначэння тэрміна «трапічная ноч» на сённяшні дзень не існуе. У метэаралагічным гласарыі гішпанскай метэаралагічнай службы (AEMET) пад гэтым тэрмінам разумеюцца ночы, калі тэмпература не апускаецца ніжэй за +20ºC.
Такія ўмовы надвор'я вельмі характэрныя для міжземнаморскіх краін, асабліва летам (напрыклад, у гішпанскіх гарадах такіх за год налічваецца ад 20 да 50 і больш). Для беларускага клімату такія спякотныя ночы, агулам, не характэрныя, але са змяненнем клімату яны ўсё часцей фігуруюць у прагнозах надвор'я Белгідрамета.
Апошняя хваля спякоты восенню-2023 у Беларусі?
Адзначым, што на суботу, 23 верасня, выпадае дзень восеньскага раўнадзенства. Дзень зраўняецца працягласцю з ноччу роўна а 09:50, пасля чаго светлавыя гадзіны пойдуць на спад, а ночы з кожным днём будуць станавіцца ўсё даўжэйшымі.
На наступным тыдні, паводле прагнозу тэлеграм-канала «Надвор'е», сярэднедзённая тэмпература вернецца да нормы. Аднак, на думку аўтараў канала, гэта зусім не азначае канчаткова надыход звыклай беларускай восені - у канцы месяца кліматычныя прагнозы прадказваюць беларусам яшчэ адну хвалю анамальна гарачага надвор'я.