Гістарычная дамоўленасць: Украіна пачне вырабляць сістэмы СПА разам з ЗША
2- 22.09.2023, 9:08
- 6,182

Зяленскі падаў дэталі пагаднення.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў гістарычнай дамоўленасць з ЗША аб агульным вырабе зброі. Украіна рыхтуецца стварыць новую абаронную экасістэму разам з Вашынгтонам, каб вырабляць зброю і яшчэ больш узмацніць свабоду і абарону жыцця.
Аб гэтым кіраўнік украінскай дзяржавы сказаў у традыцыйным звароце да ўкраінскага народа ў канцы 575-га дня вайны. Відэа апублікавала прэсавая служба прэзідэнта Украіны.
«Доўгатэрміновая дамоўленасць — будзем разам працаваць, каб супольна з Амэрыкай Украіна вырабляла неабходную зброю. Гэта новы ўзровень нашага адзінства! Кааперацыя ў абароннай прамысловасці са Злучанымі Штатамі — гэта гістарычная рэч. Новая прамысловая база, новыя працоўныя месцы — для абодвух нашых народаў. Украіна зможа вырабляць, сярод іншага, СПА», — сказаў Зяленскі.
Са слоў прэзідэнта Украіны, гэта будзе мець глабальныя станоўчыя вынікі.
Ён таксама падзякаваў абедзвюм партыям і палатам Кангрэса ЗША, дзе ён правёў "шчырыя і дэталёвыя размовы".
«Я адчуў давер — давер, які заўсёды з'яўляецца падмуркам адзінства. Дакладныя шчырыя пытанні сябраў Палаты прадстаўнікоў і сэнатараў. Шчырыя адказы. Для Украіны гэта прыярытэт, каб у нашых стасунках з Амэрыкай была неабходная празрыстасць», — сказаў Зяленскі.
Акрамя таго, паводле слоў прэзідэнта Украіны, былі важныя размовы аб абароннай падтрымцы ў Пэнтагоне, у выніку якіх былі прынятыя важныя дамоўленасці.
«Шмат работы мелі службоўцы. Напрыклад, сёння Мінстратэгпрам — міністр Камышын — падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з трыма ключавымі асацыяцыямі. Больш за 2 тысячы абаронных кампаній — амэрыканскія кампаніі. Залучаем да работы ва Украіне. Ёсць мэмарандум аб энэргетычным супрацоўніцтве. Прынцыповыя рэчы абмеркавалі сёння аб аднаўленне Украіны пасля баявых дзеянняў», — расказаў украінскі лідэр.