Цень УСУ над Крымам: расейцы збіраюцца ўцякаць
3- 22.09.2023, 8:34
- 15,876

Украіна пачала сістэматычнае знішчэнне стратэгічных аб'ектаў ворага.
За апошні тыдзень Украіна нанесла шэраг удараў па вайсковых аб'ектах у Крыме. Акупацыйныя ўлады традыцыйна заяўляюць пра «потерь нет» і працу СПА, спрабуючы схаваць маштабы разбурэнняў. Так у сераду УСУ зрабілі паспяховае знішчэнне каманднага пункта чарнаморскага флоту РФ. А ў наступную ноч СБУ і ВМС нанеслі маштабны агнявы ўдар па аэрадроме «Сакі» у Крыме. Аб важнасці ўдараў па Крыме і ролі ўкраінскіх партызан у гэтых аперацыях - у эфіры «Апостраф TV» распавёў маёр запасу НДУ, ветэран украіна-расейскай вайны Аляксей Гецьман:
- У выніку камбінаванага ўдару УСУ былі пашкоджаныя 12 варожых самалётаў на аэрадроме «Сакі». Гэта была падрыхтаваная атака адназначна. Тамака разлічваўся маршрут палёту.
Трэба таксама адзначыць працу ўкраінскіх партызан, якія дапамагалі ў правядзенні гэтай акцыі. Бо многія пытанні трэба было развязваць не толькі з гэтым аэрапортам, але і па маршруце руху ракеты. Таму партызаны паведамлялі, які маршрут найлепшы для пераадолення СПА супраціўніка.
Што да самога аэрадрома, то гэта адзін з чатырох асноўных аэрадромаў, якія вораг выкарыстоўвае для нанясення авіяўдараў па нашай тэрыторыі. І знішчэнне такіх пасадачных палос - гэта нават можа быць больш выгадна, чым знішчэнне самалётаў, якія базуюцца на ім. Бо самалётаў у ворага стае, яны могуць іх замяніць, перакінуўшы з іншых авіябаз. Тады як знішчэнне ўзлётна-пасадачнай паласы можа вывесці з ладу аэрадром на працяглы час.
Знішчэнне каманднага пункта ЧФ РФ
Пры знішчэнні каманднага пункта расейцаў у Крыме выкарыстоўваліся ракеты Storm Shadow, каб там расейцы не распавядалі аб беспілотніках. Гэтыя ракеты цікавыя тым, што яны могуць узрывацца з вызначанай затрымкай пасля трапляння ў аб'ект знішчэння. Гэта значыць, нават пры траплянні ў бункер выбух адбудзецца не на паверхні. Ракета дзякуючы кінэтычнай энэргіі пракрадзецца ўнутр і там узарвецца.
У Storm Shadow ужо быў «досвед» знішчэння бункераў: у 2012 годзе быў знішчаны бункер дыктатара Кадафі такой жа ракетай. Камандны пункт ЧФ РФ таксама быў умацаваным месцам, але гэта не дапамагло.
Гэтае траплянне паказала два моманты. Па-першае, гэтая ракета можа разбураць умацаваныя збудаванні. Па-другое, спадарожнікавыя здымкі разбуранага аб'екта паказалі, што траплянне было вельмі дакладным, адхіленне было менш за 1 метр.
Разбураны сур'ёзны камандны пункт - і вось менавіта гэтае разбурэнне спалохала гаўляйтэраў Крыма больш, чым знішчэнне самалётаў. Нават бункер не зможа іх абараніць. Магчыма хутка ўбачым, як так званыя ўлады акупаванай паўвыспы пачнуць тэрмінова выязджаць з паўвыспы ў «нейкія неадкладныя выправы» ці пад іншымі падставамі.
Шлагбаум у Крыму
Каб адразаць наземны калідор з Растова ў Крым, нам не абавязкова выходзіць на самае ўзбярэжжа Азоўскага мора. Там на поўдні праходзіць чыгунка, якая з'яўляецца асноўным лагістычным ланцугом, па якім ідзе пастаўка ў Крым і на поўдзень Украіны. Гэтая чыгунка ідзе ад Валнавахі праз Токмак у Мелітопаль і затым у Джанкой у Крыме. Калі мы пачнём кантраляваць гэты лагістычны маршрут, а варта нагадаць, што да Токмака Сілам абароны засталося 16 км, спыніцца асноўная пастаўка ворага.
А калі нам атрымаецца рушыць наперад да Мелітопаля і ўзяць пад кантроль яшчэ і аўтамабільныя шляхі, то не трэба будзе выходзіць на ўзбярэжжа Азоўскага мора, бо мы будзем кантраляваць усю лагістыку ворага. Бо ў расейцаў 75% забеспячэння ідзе па чыгунцы, а толькі 25% – па дарогах. Затым застанецца разбурыць Крымскі мост і яны застануцца без паставак чаго-небудзь. А ўласных запасаў у варожай групоўкі будзе на два, максімум тры месяцы.