Магутныя выбухі на вайсковай базе РФ у Крыме: над Еўпаторыяй узняўся агністы грыб
27- 14.09.2023, 7:36
- 29,790

Беспілотнікі знішчылі расейскую сістэму СПА.
Раніцай 14 верасня паблізу Еўпаторыі ў часова акупаваным Крыме грымнулі выбухі. Расейскія акупанты паскардзіліся на чарговую атаку беспілотнікаў і паведамілі аб дзейнасці сваёй СПА.
Аб гэтым піша Telegram-канал "Крымскі вецер" на падставе сведчанняў відавочцаў. На апублікаваным у сеціве фотаздымку відаць магутны выбух, у выніку якога ўзняўся стаўбун агню і дыму.

Адзначаецца, што трапіла, паводле папярэдняй інфармацыі, ва ўстаноўку СПА расейцаў.
Акрамя таго, аб пралёце дронаў, некалькіх выбухах і зарыве паведамілі, напрыклад, тутэйшыя жыхары ў групе "AMS EUPATORIA Евпатория" у Telegram. Як пішуць мэдыі, каля Еўпаторыі размешчаныя некалькі вайсковых часцін.
Таксама недалёка ад яе знаходзіцца і вайсковы аэрадром Сакі, па якім украінскае войска ўжо наносіла ўдар.
Са слоў тутэйшых жыхароў, выбухі грымнулі, як мяркуецца, ля селішча Заазёрнага. Як паведамляе «Крымскі вецер», «асноўны, самы зыркі выбух быў а 5.40 недзе ў баку Заазёрнага, Уютнага». Людзі скардзіліся, што ад выбухной хвалі ў Еўпаторыі ў шмат каго "дамы хадзілі ходырам".

Тутэйшыя жыхары паведамляюць, што пад Еўпаторыю прыляцелі беспілотныя лятальныя апараты. Яны сцвярджаюць, што дроны, імаверна, патрапілі ў расейскую ўстаноўку СПА.
«Пад Еўпаторыю прыляцелі беспілотнікі, працуе СПА, чутныя выбухі. Беспілотнікі далей ляцець», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле мэдый, выбух у Крыме грымнуў ля сяла Уютнага. Па вуліцах ездзяць аўтамабілі хуткай дапамогі і ратавальнікі. Сцвярджаецца, што ў мясціне, дзе чулі «бавоўну», размешчаная вайсковая частка №85683.
Тым часам акупацыйная ўлада раніцай, 14 верасня, паведаміла аб перайманні руху па Крымскім мосце. Прычына пакуль не называецца. Аднак і ўчора мост таксама часова быў перацяты.



